Калега, зь якім мы разам запаўнялі анкеты ў латвійскай амбасадзе ў Менску, зрабіў для сябе геаграфічнае адкрыцьцё. Пагледзеўшы ўважліва на вялізную мапу Латвіі на сьцяне, ён раптам са зьдзіўленьнем вымавіў: а я й ня ведаў, што Беларусь мяжуе з Латвіяй!

Калегу апраўдвае хіба ягоны малады ўзрост. Бо для жыхароў савецкай Беларусі Рыга была найчасьцей першым пасьля Вільні «замежным» горадам, куды было даволі лёгка патрапіць. Дастаткова было купіць агульны білет на фірменны цягнік «Чайка».

Нават беларуская інтэлігенцыя зь яе нізкімі заробкамі магла калі-нікалі дазволіць сабе адпачынак на беразе Балтыйскага мора ў Юрмале (больш заможная рабочая кляса аддавала перавагу, зразумела, паўднёваму берагу Крыму ці Гаграм). А строгасьць, зь якой латышы сустракалі ўсходніх гасьцей дзе-небудзь у Сігулдзе альбо Дубултах, ня толькі не адпужвала савецкіх беларусаў, а наадварот, узмацняла ў іх адчуваньне далучанасьці да заходняе цывілізацыі. Менавіта так — строга й няўсьмешліва, але падкрэсьлена карэктна — паводзілі сябе пэрсанажы савецкіх фільмаў пра жыцьцё на Захадзе ў выкананьні балтыйскіх, найперш латыскіх кінаактораў.

Цяпер, калі Латвія зрабілася сапраўдным замежжам, паўнапраўнаю часткаю NАТО й Эўразьвязу, патрапіць туды зь Беларусі ня так лёгка. Правілы ўезду ў гэтую краіну, бадай, найбольш строгія ў параўнаньні зь іншымі суседзямі. Напрыклад, у латвійскую візу абавязкова ўклейваюць фатакартку — гэта агульнае патрабаваньне і для беларусаў, і для расейцаў. Зрэшты, не відаць прычыны, зь якой Латвія павінна была б праводзіць адрозьненьне паміж гэтымі дзьвюма катэгорыямі грамадзянаў. Палітыка афіцыйнага Менску адносна Рыгі мала чым адрозьніваецца ад палітыкі Крамля. Афіцыйная пазыцыя беларускага кіраўніцтва ў гэтым пытаньні, праўда, наўрад ці сфармаваная — як і ў дачыненьні да многіх іншых міжнародных пытаньняў. Аднак цяперашні пасол Беларусі ў Латвіі сп.Ламкоў, які зьмяніў на гэтай пасадзе Міхаіла Марыніча, неяк у інтэрвію расейскамоўнай радыёстанцыі ў Рызе заявіў, што 40% насельніцтва Беларусі складаюць расейцы. Прадстаўнік беларускага МЗС у адказ на пытаньні цікаўных журналістаў прамармытаў быў нешта накшталт таго, што пасол «трохі памыліўся ў разьліках». Але ж афіцыйнага абвяржэньня лухты дагэтуль няма.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0