Паколькі гэты фэст будзе амаль юбілейны — 15-ы па ліку, арганізатары зьбіраюцца звузіць конкурсную праграму і зрабіць стаўку на запрошаных гасьцей. У такой якасьці ў Польшчу паедуць «IQ-48», «БН», «Zet», «Нэйра Дзюбель», «Крама», «Уліс», «Pamidor/off», «Сьцяна», Кася Камоцкая. З польскага боку выступяць «Zero-85», «Triquetra», «Rima». Пад пытаньнем удзел леташніх пераможцаў — групы «Індыга». Як нам паведаміў беларускі каардынатар «Басовішча-2004» Аляксандар Памідораў, у конкурсе возьмуць удзел 7 беларускіх камандаў і 2-3 гурты з Польшчы (раней у конкурсе бралі ўдзел да 20 камандаў). Вызначаць вартых будуць наведнікі музычнага інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў» (www.music. fromby.net), але апошняе слова застанецца за Памідоравым і Славам Коранем. Свае дыскі (30 хвілін музыкі, фота, кантакт) можна дасылаць да 20 чэрвеня на адрас: А.Памідораву, кампутарны клюб «О’К», вул.Інтэрнацыянальная, 9, 220050, Менск ці проста пакінуць дыск у гэтым клюбе на імя Памідорава.

Адбор па дысках дазваляе аб’ектыўна ацаніць вартасьць музычнага матэрыялу, які прэзэнтуе гурт. Аднак ступень сыгранасьці каманды, яе ўменьне паводзіцца на сцэне так вызначыць будзе цяжэй. Уся надзея — на вялізны досьвед і неаспрэчную сумленнасьць экспэртаў. Памідораў і Корань абяцаюць вызначыцца з канкурсантамі 1 ліпеня. Потым у адным зь менскіх клюбаў пройдзе паказальны канцэрт будучых удзельнікаў.

Сёлета адна з турагенцыяў будзе ладзіць адмысловы «тур на Басовішча» і гарантуе атрыманьне візы без чаргі.

СБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0