«НН» прапануе вашай увазе ўрывак з новай кнігі публіцыста Аляксандра Фядуты «Аляксандар Лукашэнка. Ягоны час, ягоны народ».

Лукашэнку пашанцавала. Пасьля 11 верасьня пра яго і ягоную «элегантную «перамогу» ўжо ніхто і не прыгадаў.

Лукашэнку не пашанцавала. Пасьля 11 верасьня ніхто ня быў у стане ацаніць зроблены ім дэманстратыўны крок — замену Мясьніковіча Латыпавым.

А ацаніць якраз было што.

Ва Ўрала Рамдракавіча Латыпава да гэтага часу склалася ўстойлівая рэпутацыя «лібэрала ад КДБ». Рэпутацыя грунтавалася на міце, укаранёным у масавую сьвядомасьць палітолягаў яшчэ на пачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя зь цяжкай рукі Юр’я Андропава, які змагаўся за поўную ўладу ў камуністычнай партыі і савецкай дзяржаве. Андропаву было прынцыпова істотна прадэманстраваць, што ёсьць сіла, якая супрацьстаіць лядачаму ідэалягічнаму таталітарызму a-la Суслаў і Леанід Брэжнеў. З генсека (а значыць, і з партыйнага апарату, які ён увасабляў) сьмяяліся на кухнях, і гэтаму сьмеху, што разьядаў лад зьсярэдзіны, своечасова проціпаставілі легенду пра чэкістаў — апошніх рамантыкаў рэвалюцыі, якія імкнуцца ачысьціць яе спадчыну ад моху і наліплых ракавінак (мох нарос вышэй ватэрлініі, ракавінкі наліплі ніжэй). Маўклівы Штырліц асацыяваўся з сапраўдным героем вайны, у той час як школьнікаў прымушалі зубрыць цытаты з «Малой Зямлі», зачытанай Вячаславам Ціханавым услых цалкам перад тэлекамэрай і ледзьве не па памяці. Разьведчык — разумны, інтэлігентны, які ўсё разумее (а паколькі экранны — то і без аніводнага матнага слова), — увайшоў у жыцьцё кожнай савецкай сям’і.

Разам з доўгім носам (сапраўды доўгім!) Ціханава туды ж увайшоў такой самай прыблізна даўжыні нос старшыні КДБ Ю.Андропава. Пра тое, што Юры Ўладімеравіч піша вершы, ведала толькі вузкае кола маскоўскіх інтэлігентаў, але й гэтага было досыць. Партрэт рамантыка першых гадоў рэвалюцыі быў гатовы.

І да таго ж, як і належыць шэфу ўсіх разьведвальных службаў краіны, ён быў добра паінфармаваны ня толькі пра тое, што кепска ў нас, але й пра тое, што і наколькі добра ў іх. У іх — у сьвеце доўга і духмяна «загніваючага» капіталізму. Гэта значыць уяўляў сабе, што менавіта трэба зрабіць для рэстаўрацыі карціны «Купаньне чырвонага каня» ў адпаведнасьці зь першапачатковай задумай мастака. У гэта чамусьці верылі.

Але Андропаў кіраваў менш за два гады. Народ плакаў па ім як па нязбытнай мары пра жаданы «парадак». (Я сам плакаў у дзень ягонага пахаваньня: мне здавалася, што я вярнуся зь Ленінграду, дзе засьпелі мяне «дні ўсенароднага смутку», у родную Горадню, і п’яныя зноў будуць валяцца на вуліцах, як было пры «дарагім Леаніду Ільлічу».) Усе думалі, што менавіта «парадак» здольны ўваскрасіць да новага жыцьця ідэалы, якія патанулі ў п’янстве і пахаваныя пад кучай нічым не апраўданых узнагарод. Ня выйшла.

Таму, дарэчы, напаўінтэлігентную мяккасьць андропаўскага вылучэнца Гарбачова на ягоным (Андропава) фоне ўспрынялі як слабасьць і няведаньне таго, што трэба рабіць.

А што трэба рабіць? — «От Андропаў ведаў!», «От Сталіна на вас няма!»

Такую прафэсійную андропаўскую рэпутацыю атрымаў у спадчыну і Ўрал Латыпаў. Але адначасова да яе дадалася рэпутацыя лібэрала-заходніка. Прафэсар, доктар юрыдычных навук, гэткі ўсходні візыр (а Ўсход, як вядома, — штука тонкая), які не ўнікае кантактаў з рознакалібэрнымі апазыцыянэрамі. Дапушчаныя да яго незалежна ад маральнага аблічча журналістачкі зь незалежнай прэсы млелі.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Працяг будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0