Ганна Кісьліцына: Гаворачы пра літаратурныя падзеі 2003 г., цяжка абмінуць публікацыю дзёньнікаў Вячаслава Адамчыка, якія сталі сапраўднай скрыняй Пандоры. «Дзеяслоў», «Аrche», «Маладосць», «ЛіМ»… Зьяўленьне кожнай новай часткі суправаджалася кулюарнымі дыскусіямі, якія зводзіліся да абмеркаваньня ня столькі літаратурных вартасьцяў дзёньнікаў, колькі да праблемы рэдагаваньня. Даволі складана ацаніць рашэньне пакінуць усё як ёсьць, але яшчэ складаней, напэўна, было Вам, бо Вы ня толькі ініцыятар публікацыі, але і яе герой, прычым герой хутчэй адмоўны, чым станоўчы. Такім чынам, Вы падставіліся двойчы, дадаўшы да свайго іміджу «апошняй свалаты» пару новых штрыхоў… Цікава, ці былі выданьні, што адмовіліся ад прапанаваных Вамі тэкстаў?

Адам Глёбус: Працу з татавымі дзёньнікамі я зьвёў да навукова-тэхнічнай: даручыў набраць тэксты з рукапісных сшыткаў, пракантраляваў адпаведнасьць набранага напісанаму, расклаў па датах напісаньня і разьнёс рукапісы па рэдакцыях тых часопісаў, дзе бацька рабіў публікацыі твораў.

Кожны з рэдактараў зрабіў уласную вэрсію дзёньнікаў. Віктар Шніп («ЛіМ» — Рэд.) аздобіў публікацыю здымкамі з подпісамі. Валерка Булгакаў («Arche» — Рэд.) акцэнтаваў палітычныя выказваньні і ў якасьці камэнтароў дадаў водгукі Абрамовіча і Мемуса, а таксама слова ад рэдакцыі. Раіса Баравікова («Маладосць» — Рэд.), наадварот, апусьціла эмацыйна-палітычныя пасажы, але надрукавала найбольшую колькасьць з прапанаванага. Барыс Пятровіч («Дзеяслоў» — Рэд.) пайшоў шляхам Баравіковай. Як зробіць публікацыю Мікола Мятліцкі, ня ведаю, спадзяюся, што ня горш за астатніх, тым больш што ў ягоным «Полымі» ляжаць апошнія словы, напісаныя татавай рукою. Зрэшты, у мяне дастаткова матэрыялу, каб зрабіць некаторыя абагульненьні. Тое, што сягоньня мае беларускі чытач, толькі частка дзёньнікаў. Публікацыі, зробленыя ў пэрыядычным друку, мелі шматлікія і разнастайныя водгукі, часам вельмі палярныя, а часам занадта эмацыйныя. Тое, што апублікавалася, — у большай ступені вэрсіі рэдактараў, а не мае. Мой варыянт чакае нашых чытачоў наперадзе, калі дзёньнікі выйдуць асобнай кнігаю.

Асноўны папрок, які чую ад апанэнтаў… «Каму патрэбна аголеная праўда? Ці трэба выносіць на публіку інтымныя бакі сямейнага жыцьця? Сораму ў Вас няма!» Ёсьць і яшчэ адно рытарычнае пытаньне… «Ці хацеў Ваш бацька, каб дзёньнікі былі апублікаваныя менавіта ў такім выглядзе?» Магу запэўніць публіку, што тата меў намер апублікаваць штодзённыя запісы. Частку зь іх ён і апублікаваў. Пэўна, як і кожны літаратар, ён бы іх дапрацоўваў і, магчыма, шмат якія фрагмэнты зьняліся б, а нешта дадалося і дапісалася б. Але гэта толькі мая вэрсія. А фактам застаецца тое, што бацька неаднаразова мне і брату майму Міраславу казаў, што ягоныя дзёньнікі, якія пісаліся таемна, хаваліся ад варожага вока, пісаліся, як асноўная кніга жыцьця. Каб ён не хацеў публікацыі, ён меў шмат магчымасьцяў іх зьнішчыць ці сказаць пра тое нам. У зьвязку з гэтымі развагамі варта нагадаць, што мёртвыя ня ведаюць сораму. Сорам — прыярытэт жывых, нас з вамі.

А тое, што ніхто не адмовіўся ад прапанаваных мною тэкстаў, толькі даказвае значнасьць бацькавай літаратурнай спадчыны.

Г.К.: Праўда можа быць толькі голай. Аднак літаратура вымагае мастацкай праўды, а гэта розныя паняцьці. Ці мае сэнс тое літаратурнае распрананьне, што Вы пачалі на старонках беларускага друку?

А.Г.: Гісторыя літаратуры поўніцца распрананьнямі і апрананьнямі. Калі распранаешся, варта думаць і пра тое, як будзеш потым апранацца, як хутка зможаш апрануцца і ў што апранешся. Кашулі-вышыванкі, саламяныя брылі, сачыкі, андаракі, буркі, валёнкі… Каб Вы толькі ведалі, як мне абрыдлі гэтыя нацкалярыты, нацдушкі, нацасаблівасьці, фолькідыёцтвы, сувэнірныя крамы псэўдатрадыцыяў. Ну хіба можна, стоячы ў палітоне з крамы «Бос», нацягнуць на патыліцу саламяны брылёк? Вось гэты віртуальны брыль я і зьбіваю з галавы Пушкіна. А ён, наш Пушкін зь вёскі Бобр, яшчэ крыўдуе; адно добра — ня доўга тая крыўда жыве ў ягоным мастакоўскім сэрцы.

Варта прыгадаць тэорыю літаратуразнаўца Каваленкі, які заўважыў паскоранае разьвіцьцё айчыннай літаратуры. Нешта падобнае адбывалася зь японскім прыгожым пісьменствам напрыканцы ХІХ ст., калі каштоўнасьці эўрапейскай цывілізацыі прыйшлі на выспы Далёкага Ўсходу. Дзёньнікі Акутагавы і Такубоку яскрава сьведчаць, як цяжка, як пакутліва зьдзіралася зь японца паношанае кімано і зь якімі цяжкасьцямі апранаўся стыльны эўрапейскі строй. У Японіі была процьма аўтараў, што спрабавалі нацягнуць смокінг наверх традыцыйнай апранахі. Так яны нібыта захоўвалі самабытнасьць. Насамрэч яны выглядалі бяздарнымі блазнамі, вартымі жалю. Так было, пакуль усе не пераканаліся, што японец, апрануты па-эўрапейску, застаецца японцам. Так і беларус застаецца беларусам, нават калі ён суцэльна голы. А кашуля-вышыванка не дадае беларускасьці, а, наадварот, прыніжае і дыскрэдытуе яе, апускае нацыянальнае да таннай сувэнірнай этнаграфічнасьці.

Г.К.: Калі ў «Дамавіках» Вы дапамагаеце людзям распранацца, то ў «Сучасьніках» хутчэй зрываеце зь іх апранахі… Цяжка прыгадаць эпізод — акрамя, зразумела, тых, дзе гаворка ідзе пра членаў Вашай сям’і,— каб Вы каго пахвалілі. І хоць Вы любіце паўтараць, што толькі крыўдзіце, але ніколі не абражаеце, відавочна, што абражаных ня менш, чым пакрыўджаных. Некаторыя робяць выгляд, што не чыталі, некаторыя — як я, напрыклад, — што іх гэта не кранае. Цікава, а ці былі такія, хто паспрабаваў адстаяць свой гонар у судзе ці хаця б даць па мордзе?

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0