Шмат пісалася пра «наша» тэлебачаньне. Пра яго шэрасьць, правінцыйнасьць, насьцярожанасьць да ўсяго беларускага. Выгадна вылучаюцца сваёй разьняволенасьцю духу толькі «Падарожжа дылетанта» і «Адкрыты архіў». Зь іх найбольш важкім зьяўляецца, безумоўна, «Адкрыты архіў», бо толькі ў гэтай тэлепраграме можна пачуць неафіцыйныя меркаваньні пра беларускае кіно, савецкую гісторыю, стан Белавескай пушчы. Апошні выпуск ужо назвай сваёй — «Жарсьці па гісторыі БССР» — абуджае цікаўнасьць у неабыякавага да беларушчыны гледача. Аднак нас чакае расчараваньне. Замест абмеркаваньня вострых пытаньняў нядаўняй нашай гісторыі нам даецца сусальны аповед пра здольнага вясковага хлопчыка Цімоха Гарбунова, ягоную службу роднай партыі ў якасьці сакратара па ідэалёгіі. Зьдзіўляе таксама, чаму аўтары, пачаўшы з інтрыгоўнага паведамленьня аб ідэалягічным скандале, у які быў уцягнуты першы рэспубліканскі ідэоляг, нечакана змаўкаюць. Глядач так і не даведваецца, чым не дагадзіў Цімох Сазонавіч свайму начальству ды пэрсанальна П.Панамарэнку, чаму ім прыйшлася недаспадобы ягоная «Гісторыя БССР». Гэта тым больш дзіўна, што гаворка ідзе пра тэму, вынесеную ў загаловак. Узьнікае думка пра цэнзуру або самацэнзуру. Але ў такім разе лепш было наагул не пускаць перадачу. Зрэшты, можа быць, тут звычайная недапрацоўка. Спадзяёмся, у наступным «Архіве» такога ня будзе.

УШ, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0