Выпускнікі Беларускага ліцэю вытрымалі экзамэны экстэрнам. Палова ліцэістаў працягне адукацыю за мяжой, палова застанецца ў Беларусі. На выпускным балі Ліцэю прысутнічалі дзеячы інтэлігенцыі і прадстаўнікі дыпкорпусу. Ліцэй робіць новы набор.Намесьнік дырэктара зачыненага Гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Лявон Баршчэўскі цэлы год найбольш баяўся за выпускнікоў. «Ім прапаноўвалі Ліцэй БДУ з абяцаньнямі гарантаванага паступленьня ў гэты ўнівэрсытэт. Выпускны курс быў аб’ектыўна слабейшы за папярэднія, таму многія пайшлі гэтым шляхам. Праўда, сярод тых, хто перайшоў у Ліцэй БДУ, было некалькі моцных вучняў». На выпускным чацьвёртым курсе засталіся 23 навучэнцы.

«Год у падпольлі» загартаваў ліцэістаў. «Цягавіты курс» — так характарызуе сёлетніх выпускнікоў Л.Баршчэўскі. А вось ліцэіст Глеб Лабадзенка называе гэты выпуск ліцэістаў «няправільным». «Абсалютна ўсё ішло ня так, як мае быць, — кажа ён. — Аднак гэты год даў веры ў сябе і Ліцэй».

На сёньня дыплёмы Ліцэю атрымалі 17 чалавек, астатнія вучні маюць запазычанасьці: яшчэ ня ўсе залікі і тэсты здадзеныя, і ім на выпускным балі ўручылі пакуль толькі пахвальныя лісты. Але ўжо ў самы бліжэйшы час 2-3 чалавекі павінны атрымаць дыплёмы. Прынамсі, выкладчыкі гатовы працаваць усё лета. Паводле слоў Баршчэўскага, ня ставіцца ніякіх канкрэтных тэрмінаў, бо кожныя тры дні нехта здае экзамэны экстэрнам. Дарэчы, некаторыя ліцэісты маюць вытрымаць ад 15 да 17 іспытаў. «Бацькі вельмі хваляваліся, што будуць заніжаць адзнакі на іспытах. Але ж адзнакі ў выпускнікоў на экстэрнах выходзяць значна вышэйшыя за ўнутрыліцэйскія, бо мы строга кіруемся міністэрскімі інструкцыямі і ў нас патрабаваньні стражэйшыя», — кажа Лявон Баршчэўскі.

Вынікі ж экстэрнаў на сёньня наступныя: 27 «дзясятак», 52 «дзявяткі», 29 «восемак», 15 «семак», 11 «шостак», 4 «пяцёркі», 2 «чацьвёркі» і 1 «тройка». Пры гэтым у Ліцэі сярэднім балам навучэнцаў была «сямёрка», радзей «васьмёрка».

Зусім ніякіх праблем няма з профільнымі прадметамі — гісторыяй, літаратурай, замежнай мовай, сусьветнай мастацкай культурай. Тут адзнакі рэдка бываюць ніжэйшымі за «восем». Зь нецярпеньнем чакаюць вынікаў цэнтралізаванага тэставаньня па беларускай мове. Сярод найлепшых вучняў Лявон Баршчэўскі называе Аксану Бязрукую, Мікалая Казака, Паўла Котава, Кацярыну Івановіч. Больш за ўсіх зьдзівіў Ільля Касьпяровіч, які здае іспыты ў Койданаўскім раёне і значна палепшыў свае ліцэйскія адзнакі.

Пасьля выпускных іспытаў для ліцэістаў ёсьць два варыянты для працягу адукацыі. Значная частка навучэнцаў выправіцца ва ўнівэрсытэты Чэхіі, Літвы, Германіі, Польшчы. Тым, хто вырашыў працягваць адукацыю ў Чэхіі, прыходзілася выбіраць ужо напрыканцы 2003 г. Такія ўмовы чэскага боку. Туды паедуць шэсьць або сем чалавек, у Літву — пяцёра, адзін ліцэіст выправіцца ў Нямеччыну. Ім ня прыйдзецца здаваць уступных іспытаў. Гэта ўжо вырашана на ўзроўні міністэрстваў адукацыі гэтых краінаў. Там жа для ліцэістаў прызначаны стыпэндыі. «Яны невялікія, але ж на жыцьцё і паездку дамоў хопіць», — кажа Лявон Баршчэўскі.

Перад паступленьнем у Чэхіі і Польшчы ліцэісты цэлы год будуць вывучаць мову. Асноўныя спэцыяльнасьці — гэта міжнародныя адносіны, гісторыя, псыхалёгія, сацыялёгія. Баршчэўскі лічыць адукацыю за мяжой добрым варыянтам. Праўда, ёсьць і іншыя думкі.

Гэтак, бацька сёлетняй выпускніцы Ліцэю філёзаф Ігар Бабкоў лічыць немэтазгодным адпраўляць дзяцей вучыцца за мяжу. «Гэта пяць гадоў самоты. Дый наагул адукацыя ў Літве ці Чэхіі больш правінцыйная, чым у Беларусі. Асабліва па сацыяльных навуках. І няма ніякае гарантыі, што яны вернуцца. Дый ці будуць яны запатрабаваныя пасьля вяртаньня тут?» Баршчэўскі кажа: «Нават калі хто й застанецца за мяжой — будуць прыносіць карысьць дыяспары. Справа знойдзецца заўжды».

Тая частка выпускнікоў, што абрала навучаньне ў Беларусі, таксама аддае перавагу спэцыяльнасьцям гуманітарнага профілю. Глеб Лабадзенка з 42-й групы перамог у конкурсе «Абітурыент журфаку БДУ» і паступіў туды без іспытаў. Ён задаволены, кажа: «Галоўнае — займацца любімай справай, каб не перашкаджалі».

Што датычыць будучыні самога Ліцэю, то вялікі спадзеў ускладаецца на цяперашнія трэці і другі курсы. Апошнія здаюць цяпер экзамэны за курс базавай школы і паказваюць вельмі высокія вынікі. Хаця пасьведчаньне аб базавай адукацыі ім не патрэбна. Другакурсьнікі будуць працягваць вучобу ў Ліцэі. На трэці курс робяць стаўку выкладчыкі. Лявон Баршчэўскі кажа, што для іх плянка больш высокая. «Яны моцныя ў сваіх ведах».

Вядзецца таксама набор на першы курс Ліцэю. Сярод тых, хто прайшоў тэсты і сумоўе, ужо залічана адзінаццаць чалавек. Ліцэй жыве.

Сяргей Дэнскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0