Цэнтар беларускай палітыкі перамясьціўся на Казарменны завулак. Кватэра дэпутата Фралова стала гэтымі днямі сапраўдным штабам апазыцыі. Штовечар а 18-й сюды сьцякаюцца сымпатызанты і прыходзяць сьпяваць артысты. Тут гуртуюцца палітыкі. Тут дзяжураць журналісты і праваабаронцы. Тут хаваюцца ад затрыманьня актывісты АГП. На Казарменным ідзе новае зьлічэньне дзён — ад 3 чэрвеня, першага дня галадоўкі. Галадоўшчыкаў па чарзе штодзень аглядае доктар, які сочыць за іх здароўем. Настроеныя ўсе аптымістычна.

Сяргей Скрабец да доктара не ідзе: свой стан ён ведае дасканала з 22-дзённай леташняй галадоўкі (тая, праўда, была для ўмацаваньня стану здароўя). У двары ўвечары зьбіраюцца прэс-канфэрэнцыі, пасьля якіх ніхто не сьпяшаецца разыходзіцца. Усё па-свойску: Фралоў у хатніх тапачках, усе ў гуморы і з жартамі.

Увечары тут гуртуюцца палітыкі, а таксама артысты. У аўторак, змабілізаваныя Аляксандрам Дабравольскім, для дэпутатаў сьпявалі Зьміцер Сідаровіч і Кася Камоцкая, якая, як выявілася, далёкая сваячка Ўладзімера Парфяновіча.

Самая нечаканая падтрымка прыйшла ад прадпрымальнікаў: прадпрымальніцкі лідэр Анатоль Шумчанка абвесьціў, што на 17 чэрвеня прызначана агульнанацыянальная забастоўка прадпрымальнікаў у падтрымку патрабаваньняў дэпутатаў.

Аўтобусік з амапаўцамі дзень і ноч дзяжурыць зь іншага боку будынку, але ўваход у кватэру вольны. Інфармацыйную падтрымку наладзілі АГП і «Малады фронт», а таксама праваабарончыя арганізацыі, прадстаўнікі якіх стала дзяжураць на Казарменным. Сяргей Скрабец уражаны далучэньнем да галадоўкі іншых людзей: «Мы ўвогуле не разьлічвалі на тое, што нехта будзе далучацца. З гэтай падтрымкай нам лягчэй. Значыць, ня ўсіх запужалі ў гэтай краіне».

Галадоўшчыкі ўвесь час трымаюць сувязь з калегамі-дэпутатамі, якія іх падтрымліваюць, і гатовы зьявіцца на паседжаньне, калі будзе разглядацца «іхны» законапраект. На пытаньне аб своечасовасьці пераходу да непарлямэнцкіх мэтадаў барацьбы Сяргей Скрабец адказвае: «Усе мэтады спрабавалі, нам не даюць выступаць. Калі нам адключаюць мікрафоны, калі майго памочніка не пускаюць у палату прадстаўнікоў — што гэта за праца?»

Пакуль што вечарамі на Казарменным зьбіраецца толькі сотня чалавек. Аднак падтрымка грамадзтва надае значэньне і сэнс акцыі, у якой напачатку многія бачылі толькі піяр.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0