Апазыцыя адным рухам перахапіла ініцыятыву. Чарговая акцыя пачалася экспромтам, хоць і выявіла тыпалягічную асаблівасьць нацыянальнае дэмакратыі часоў Лекашэнкі: дэмакратыя ў Беларусі галадае.
Дэпутаты БНФ — Хадыка-Сіўчык — Адамовіч — ваўкавыскія таксысты — дэпутаты з «Рэспублікі»... З выказваньняў Скрабца ці Коласа ў першы дзень галадоўкі выглядае, што яны самі не ўяўлялі, што распачынаюць.
Але і ўлада не гатовая была рэагаваць. Хаатычныя «наезды» на галадоўнікаў у БТ, гадзінавыя справаздачы Папова ў радыё і Лукашэнкава «сам разьбяруся» — выразныя сьведчаньні разгубленасьці ўладаў і адсутнасьці адзінай узгодненай рэакцыі.
Партыі акцыю дэпутатаў падтрымалі, ня сталі гаварыць пра фальстарт, пра нелегітымнасьць палаты. Адзін вядомы дзяяч апазыцыі, праўда, выказаў што да галадоўкі скепсыс. «Ён не фігура, каб яго слухаць», — абрэзаў Уладзімер Парфяновіч. Груба, але зразумела. Маргінальныя фігуры маргіналізуюцца, іншыя набіраюць вагі, хоць і страчваюць кіляграмы.
Што такое посьпех галадоўкі? Гэта ўздым тэмпэратуры грамадзтва, уздым інтарэсу да палітыкі напярэдадні важных і доўгатэрміновых рашэньняў. Найперш — пра неканстытуцыйны трэці тэрмін Лукашэнкі і пра тое, якім будзе новы парлямэнт.
Галадаваньне праходзіць літаральна на вачах у людзей. Усё, чаго сёньня патрабуюць дэпутаты ад сваіх аднадумцаў — палітыкаў, журналістаў, усіх грамадзянаў, — гэта крэдыту даверу і, натуральна, падтрымкі. Ад гэтага сёньня залежыць сцэнар прынамсі пяці наступных гадоў нашага жыцьця.
Барыс Тумар