2 чэрвеня Міністэрства сувязі і інфармацыі адмовіла УП «Марат» («БДГ») і ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс», што займаюцца распаўсюдам незалежных выданьняў, у праве праводзіць падпіску на свае выданьні і іх дастаўку з прычыны адсутнасьці «тэхнічнай базы, якая б дазваляла ажыцьцяўляць дастаўку на тэрыторыі г.Баранавічы, Пінск, Ляхавічы, Ганцавічы, Нясьвіж друкаваных выданьняў у дзень іх выхаду». Ліст з адмовай падпісала намесьнік міністра Н.Гаўрылава. Прадстаўнікі «Марату» і «Інтэкс-прэсу» маюць намер абскарджваць рашэньне ў судзе.

3 чэрвеня УЖРЭП Ленінскага раёну Горадні зьвярнулася ў Гаспадарчы суд з пазовам, у якім патрабуе выселіць з займаных памяшканьняў гарадзкую арганізацыю ТБМ і грамадзкую арганізацыю «Бацькаўшчына». За што? Бо згаданыя арганізацыі дазволілі разьмясьціць у арандаваным памяшканьні офіс незалежнай газэты «День».

9 чэрвеня ў Бялынічах падчас сустрэчы зь мясцовымі жыхарамі затрымалі кіраўнікоў магілёўскай «Пяцёркі+» Рыгора Костусева (БНФ), Уладзімера Шанцава (АГП), Галіну Лісіцыну (Партыя працы) і Анатоля Заўялава (ПКБ).

9 чэрвеня каля 15-й на рынку «Дынама» затрымалі актывістаў «Зубра» Сяргея Рыкава і Рамана Казакевіча, якія раздавалі прадпрымальнікам бюлетэнь «Камэрсант» з заклікам далучыцца да страйку 17 чэрвеня.

10 чэрвеня ў Наваградку супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух актывістаў руху «Зубр». Міліцыянты канфіскавалі ў іх фотаапарат і адпусьцілі.

10 чэрвеня ў Менску каля 4-й раніцы затрымалі Аляксандра Апраніча ў той момант, калі той рабіў графіці «Свабоду Марынічу!». На яго склалі пратакол як за «Дробнае хуліганства», судьдзя Рагозіна дала яму штраф у памеры базавай велічыні.

10 і 11 чэрвеня міліцыянты затрымлівалі віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду, пакуль Аляксандар Лукашэнка браў удзел у сэмінары для кіраўнічых работнікаў у Віцебску. Пратаколу не складалі, прадстаўнікі правапарадку растлумачылі затрыманьне тым, што сп.Хамайда «ня рады прыезду прэзыдэнта». Агулам Б.Хамайда правёў у пастарунку каля васьмі гадзінаў.

11 чэрвеня судзьдзя Жлобінскага раённага суду Зоя Ласоўская адхіліла пазоў актывіста АГП, дэпутата райсавету Марата Афанасьева да адміністрацыі Мэталюргічнага заводу, кіраўніцтва якога ў сакавіку вынесла яму як начальніку бюро адразу тры пакараньні, у іх ліку і скарачэньне ягонай пасады. М.Афанасьеў лічыць дзеяньні адміністрацыі заводу палітычна матываванымі.

11 чэрвеня ў гандлёвым цэнтры «Максымус», што ў менскай Малінаўцы, затрымалі трох непаўналетніх актывістаў «Зубра» за распаўсюд бюлетэню «Камэрсант». 14 чэрвеня да аднаго зь іх — Сяргея Гарэлава — завіталі дамоў супрацоўнікі КДБ і папрасілі яго расказаць перад відэакамэрай пра абставіны затрыманьня 11 чэрвеня і пра рух «Зубр».

15 чэрвеня актывістаў «Зубра» Аляксея Шыдлоўскага і Алеся Атрочанкава затрымалі на Камароўцы. Яны раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра галадоўку дэпутатаў і пра палітвязьняў. Аляксея Ляўковіча і Зьмітра Шчэпава затрымалі ля мэтро «Кастрычніцкая», Паўла Юхневіча — ля мэтро «Пушкінская».

15 чэрвеня ў пракуратуры Менску адбыўся новы допыт кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі. Палітыка вінавацяць у паклёпе на прэзыдэнта: у інтэрвію РТР ён крытыкаваў Лукашэнку за ўтойваньне грошай ад продажу зброі.

15 чэрвеня суд Заводзкага раёну Менску прыняў рашэньне аб канфіскацыі маёмасьці ў актывіста АГП Алеся Карніенкі, паколькі той ня здольны выплаціць штраф у памеры 1 млн. 650 тыс. руб., накладзены на яго за арганізацыю 7 лістапада летась акцыі грамадзкага галасаваньня ў справе трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну А.Лукашэнкі.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0