Гучыць каманда ўсім, апрача блізкіх, пакінуць памяшканьне. Мы з Барысом Пятровічам вырашаем не падпарадкоўвацца. Бачым, як каржакаватыя дзецюкі са спэцсувязьзю ў вушах блякуюць усе ўваходы й выхады. Салдаты здымаюць вечка з труны… Міхась Скобла, намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў, рэканструюе падзеі гадавое даўніны.

Тым летам у Бараўляны я езьдзіў часта: у анкалягічным шпіталі зь безнадзейным дыягназам ляжаў мой цесьць. Мінуўшы КПП са шлягбаўмам, наведнік нібы трапляў у іншы сьвет, дзе раптоўна зьнікалі ўсе жыцьцёвыя праблемы, дзе кожны незаўважна рабіўся экзыстэнцыялістам, узважваючы на шалях развагаў толькі два словы: жыцьцё й сьмерць. Felix opportunitate mortis. Шчасьлівы, хто памірае своечасова. Хацеў бы я павадзіць аўтара гэтага выслоўя па шматлюдных шпітальных калідорах, па падземных пераходах, па густа заселеных палатах, дзе паўсюль заўважалася й адчувалася адно — прага жыць. Не бывае сьмерці своечасовай.

У адзін са сваіх прыездаў я паведаміў цесьцю, што ў іхні шпіталь паклалі Васіля Быкава. Але ён пра гэта ўжо ведаў: пра Быкава нехта пачуў па радыё «Свабода» й расказаў у курылцы.

Навіна імгненна абляцела Бараўляны і, як мне падалося, узбадзёрыла хворых. Узбадзёрыла, бо нават невідочная прысутнасьць моцнага духам чалавека заўсёды падтрымлівае слабейшых.

22 чэрвеня а 9-й вечара — званок Алеся Пашкевіча. Васіль Быкаў памёр… Назаўтра з раніцы зьбіраемся ў Саюзе пісьменьнікаў, куды падыходзяць людзі, у тым ліку сын пісьменьніка Сяргей. Абгаворваюцца неабходныя ў падобных сытуацыях пытаньні: час пахаваньня, адпяваньне, катафалк… NN прапануе несьці труну да могілак на руках. Яму пярэчаць — Усходнія могілкі далёка, не данясём.

Па Доме літаратара ходзяць вайскоўцы (палкоўнікі й адзін генэрал), заглядаюць ва ўсе куткі. Потым зьбіраюцца на ганку й абмяркоўваюць, як яны будуць выносіць труну, як падгоняць катафалк ушчыльную да сходаў, як павязуць. Да Дому літаратара нагналі тэхнікі й рабочых — сьпешна кладуць асфальт, мяняюць бардзюры. У творцаў настрой змрочны: зразумела, што хаваць народнага пісьменьніка ўлады задумалі па сваім сцэнары.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0