Старасьвецкі будынак гарадзкога тэатру быў адной з самых славутых цікавостак Менску.
Паўстаў ён яшчэ ў XVIII ст. Cамую раньнюю яго выяву мы ведаем паводле акварэлі Язэпа Пешкі. На ёй у панараме Высокага пляцу, за Ратушай, відаць імпазантны двухпавярховы будынак з рызалітам, што вянчаўся трохкутным франтонам і высокім вальмавым дахам.
Вядома, што паміж 1815 і 1818 г. яго прыдбаў шляхціц Ян Байкоў. Ён выгодна прыстасаваў гэты вялікі будынак пад карчму з канцэртнаю заляю. У 1821 г. будучы дзекабрыст Мікалай Мураўёў у лісьце са службы да сваёй мамы пісаў: «Зімою абяцаюць нам балі. Заля ў тутэйшай карчме, у якой яны даюцца, вельмі добрая». А ў 1825 г. Байкоў самахоць перабудаваў будынак пад тэатар. У выніку паўстаў выдатны гмах у духу ампіру.
Калярытнае й жывое апісаньне менскага тэатру можна знайсьці ў лісьце Яна Чачота да Адама Міцкевіча. Як мае быць, акрамя вялікай глядзельнай залі будынак зьмяшчаў гардэроб, буфэт, антрактавую залю й пакой для курцоў. Пасьля таго як на загад расейскага цара была ў Менску зьнішчана Ратуша, у колішні дом Байкова перавялі й гарадзкі тэатар.
У 1841 г. тут адбылася прэм’ера апэрэты Дуніна-Марцінкевіча «Жыдоўскі рэкруцкі набор». Але самая вялікая падзея надарылася ў тым гарадзкім тэатры ў 1852 годзе, калі на яго сцэне была пастаўленая першая нацыянальная беларуская опэра «Ідылія» зь лібрэта Дуніна-Марцінкевіча й на музыку Манюшкі ды Крыжаноўскага. Уласна, з гэтага моманту гэты будынак зрабіўся сапраўднай нацыянальнай рэліквіяй.
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Сяргей Харэўскі