Калекцыю матэрыялаў пра Васіля Быкава, якая захоўваецца сёньня ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры, супрацоўнікі музэю называюць «легендарнай». Каштоўнасьць архіву тым большая, што сабраў і перадаў яго музэю сам пісьменьнік.

Для берагіні калекцыі, галоўнай захавальніцы фонду музэю Валянціны Ціханавецкай сустрэча з Васілём Быкавым і праца над яго пэрсанальнай выставай (1994) сталі падарункам лёсу. Спн.Валянціна дагэтуль памятае па датах дні, калі адбываліся сустрэчы. З самага дня ўзьнікненьня музэю ў 1987 г. яна марыла пра стварэньне калекцыі, прысьвечанай Быкаву.

Першым экспанатам стаў чамадан перапіскі з Твардоўскім, Салжаніцыным і іншымі, які захоўваўся на дачы ў пісьменьніка. Пазьней Васіль Быкаў перадаў музэю цэлы архіў, складзены так, нібыта яго зьбіраў прафэсійны музэязнавец — настолькі дакладна ўсё было сыстэматызавана, пранумаравана і падпісана. Усяго архіў налічваў 1400 адзінак — апошнія рукапісы «Сьцюжы», «На чорных лядах», гранкі з праўкамі цэнзуры арыштаванай кнігі «Мёртвым не баліць», фатаздымкі (зьмешчаны побач — таксама з архіву), у тым ліку зробленыя самім Быкавым, дэпутацкія пасьведчаньні, эцюды, кнігі, у тым ліку пераклады ягоных твораў на самыя экзатычныя мовы сьвету з аўтографамі перакладчыкаў. Адзінае, чаго няма ў архіве, — гэта асабістых рэчаў пісьменьніка: было няёмка выстаўляць іх пры жыцьці чалавека.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0