Яшчэ адзін тэрмін Лукашэнкі — і грамадзтва дэградуе цалкам, мяркуе Марына Багдановіч. Таму яна, старшыня Менскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у ліку першых далучылася да галадоўкі дэпутатаў адразу пасьля яе пачатку, 4 чэрвеня.Яе дзед быў камандзірам выведкі ў аддзеле Лабанка. «Пароль мяняецца апоўначы» — гэта кніга і пра яго, разьведчыка на мянушку Колька Белы. У 44-м яго прыгаварылі да 15 гадоў за тое, што жывым вярнуўся зь небясьпечнага заданьня, і саслалі ў Варкуту.Яе бацькі, пражыўшы 30 гадоў разам, разьехаліся, бо кожны быў патрыётам сваёй краіны. Тата — у Эстонію, маці засталася ў Расеі. Унучка палітвязьня маладой дзяўчынкай прыехала на радзіму дзеда і засталася ў Беларусі.

— Марына, чаму ў цябе зьявілася ідэя далучыцца?

— Калі я ішла разам з маленькай дачкой на плошчу Незалежнасьці 3 чэрвеня, ніякіх такіх думак не было. На бліжэйшыя дні ў мяне былі абсалютна іншыя пляны. Мой бацька замовіў нам домік на беразе мора ў Эстоніі, куды мы з дачкой зьбіраліся ехаць адпачываць. І вось я ўбачыла, што дэпутатаў толькі трое. Вакол іх было шмат народу, але ніхто ня ведаў, чым дапамагчы. І рашэньне зьявілася інтуітыўна: трэба падтрымаць гэтых людзей.

— Цябе спрабавалі адгаворваць?

— Мяне ўсе адгаворвалі. Адразу ж узьнікла нейкая сьцяна неразуменьня. Адзін Багданкевіч сказаў: «Чыста па-чалавечаму я б табе параіў: «Марына, не рабі гэтага». Але калі ты вырашыла, гэта сапраўдны ўчынак». Я абзваніла сваіх сяброў па партыі і сказала: «Хлопцы, я лічу, адзінае, што мы можам зрабіць, гэта далучыцца да галадоўкі. Каб не шкадаваць потым, што не зрабілі гэтага».

— А як у сям’і паставіліся да твайго рашэньня?

— Сын, якому ўжо 20 год, спачатку быў катэгарычна супраць. «Падумай пра дачку», — казаў ён. Але потым яго стаўленьне пачало мяняцца. А дачку, ёй 9 год, я адправіла ў Ліду да яе бабулі. Калі яе адвозілі, яна таксама ведала, што я іду на галадоўку, і перажывала страшна. Але выціскала зь сябе ўсьмешку: «Мамачка, усё добра, да пабачэньня». Я ганаруся, што дачка так трымаецца.

— Іншыя мэтады змаганьня апазыцыя вычарпала? Галадоўка — гэта крайні захад, ці ня так?

— Іншых крайніх мэтадаў змаганьня я проста ня бачу. Мяне на адным з ланцугоў неабыякавых людзей, дзе я раздавала ўлёткі, забрала міліцыя. За гадзіну праз кабінэцік, у якім мяне трымалі, прайшло адзінаццаць міліцыянтаў, якія хацелі паразмаўляць са мной. Яны казалі: «Улёткі — гэта мала. Бярыце зброю». Я кажу: «Я страляць ня ўмею». А яны: «Мы вас навучым». Ужо нават міліцыянты кажуць, што патрэбны іншыя мэтады. Але гісторыя паказвае, што, калі зьмена ўлады адбываецца сілавым шляхам, да дабра гэта не прыводзіць.

— І на які эфэкт у грамадзтве ты разьлічваеш ад галадоўкі?

— Знаёмыя тэлефануюць і кажуць: «Здавалася, што ўсё. Адзіны шлях — альбо зьяжджаць, альбо ператварацца ў шэрую масу. А цяпер вы вяртаеце надзею, што ўсё можа зьмяніцца». Дагэтуль апазыцыя толькі адказвала на крокі Лукашэнкі. А дэпутаты гэтым разам зрабілі крок першымі. Гэта важна. Бо яшчэ адзін тэрмін Лукашэнкі — і грамадзтва дэградуе цалкам.

— Як астатнія дэпутаты, што жывуць у доме, рэагуюць на вашае суседзтва?

— Як выказваецца Фралоў, імкнуцца прашмыгнуць як мышы. Усе хочуць утрымацца пры ўладзе яшчэ на адзін тэрмін.

— Затое на ўвагу міліцыянтаў не выпадае скардзіцца?

— Яны зьнялі кватэру ў доме насупраць і ўсталявалі кругласутачнае назіраньне. Калі а 18-й гадзіне штодзень да пад’езду падыходзяць людзі, каб падтрымаць нас, здымкі відэакамэрамі вядуцца з трох пазыцыяў. Наведнікам, якія шукаюць наш дом, людзі ў цывільным кажуць: «Там ужо ніхто не галадае, АМАП іх разагнаў».

— На сваякоў галадоўнікаў ціснуць?

— У Гены Ананьева (ён з Воршы) цяжкая абстаноўка. Ноччу тэлефануюць, па суседзях ходзяць і распытваюць пра Гену. У жонкі застаюцца начаваць сваякі. Мы мяркуем, што можа адбыцца нейкая правакацыя, напрыклад ператрус, калі могуць падкінуць нешта накшталт «пісталета Марыніча».

— Генэрал Фралоў быў перанёсшы інфаркт. Які ў яго цяпер стан?

— Ён трымаецца надзвычай годна. Я не перастаю захапляцца генэралам. Некалькі разоў яму было кепска, але пры гэтым ён заўсёды імкнецца жартаваць. Гэта чалавек вялізнай мужнасьці і сілы волі. На мінулым тыдні яго павезьлі на агляд у навуковы цэнтар кардыялёгіі. Прычым па папярэдняй дамоўленасьці. Але калі ён прыехаў, спэцыялісты, якія павінны былі яго абсьледаваць, разьбегліся. І аглядала нейкая маладая дзяўчынка пасьля інстытуту. Я ўпэўнена, што нікога б з працы за агляд Фралова ня выгналі. Сорамна і брыдка ад усяго гэтага.

— Астатнімі мужчынамі ты гэтаксама захапляешся?

— Сяргей Скрабец раскрыўся зь вельмі цікавага боку. Я пачула, як ён іграе на гітары. Я раней лічыла яго больш прыземленым, ну, як у нас камэрсантаў уяўляюць. А аказалася — зьмястоўны чалавек. Віця Івашкевіч — настолькі тактоўны, ніколі не адцягвае на сябе лішнюю ўвагу. Зь ім можна ісьці ў выведку.

— А як ты спраўляешся з мужчынамі ў побытавым пляне?

— Спачатку некаторым трэба было разы тры нагадаць, каб хутчэй прыбіралі ложкі. Гэта іх крыўдзіла, канечне. Яны ж у нас усе лідэры. А тут я лезу зь нейкім парадкам. Але цяпер звыкліся. Усе яны аказаліся совамі, адна я жаваранак. Першы тыдзень не маглі састыкаваць спальны графік. Цяпер такіх праблемаў у прынцыпе не ўзьнікае. Мы сталі як адна сям’я.

— Нягледзячы на твой аптымізм, разам з генэральскім у сяброў выклікае непакой і тваё здароўе. Як ты сябе адчуваеш?

— Я не хаваю нічога. На днях мяне на кампутары пратэставала лекарка, яе папрасілі мае знаёмыя. Адбываюцца зьмены на клетачным узроўні. Доктарка сказала, што, калі паказьнікі здароўя клетак упадуць яшчэ на пяць пунктаў, гэта прывядзе да незваротных працэсаў у некаторых сыстэмах арганізму. Пачынае скакаць ціск ня толькі ў мяне, але і ў хлопцаў, гэта самае дрэннае. П’ём таблеткі кожны ад сваіх балячак, што выявіліся. Сушыць скуру, калоціць, сядзім у вопратцы. Хутка стамляюцца мускулы.

— Што больш за ўсё падтрымлівае?

— Мае сябры па партыі ўсе да аднаго пабывалі ў мяне. І я бачыла іхнае перажываньне, гэта было так кранальна. Мужчынам хочацца хоць крышку перадаць мне свае сілы. Хто ў шчочку цмокне, хто руку пацалуе, хто абдыме. У мяне такое адчуваньне, што я для іх маленькая дзяўчынка і яны мяне хочуць захіліць і абараніць.

— Марына, галадоўка падыходзіць да стадыі, калі становіцца вельмі небясьпечнай. Што далей?

— Галоўнае — ня страціць пачуцьця гумару. Мне ня хочацца так хутка слабець. Бо я ўсё ж лічу, што жанчына мацнейшая. Я хачу падтрымліваць мужчын, калі ім зробіцца кепска.

Гутарыла Натальля Валакіда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0