Прымаючы дапамогу Захаду, апазыцыянэры ператвараюцца ў дысыдэнтаў, лічыць Аляксандар Рар. Палітоляг А.Рар — галоўны ў Нямеччыне экспэрт па Беларусі.

Яго лічаць «голасам Эўропы» пры камэнтаваньні падзей у нашай краіне. 45-гадовы А.Рар з 1994 г. працуе ў Нямецкім таварыстве замежнай палітыкі, дзе ўзначальвае аддзел СНД і Расеі. Гутарка з палітолягам адбылася ў Празе падчас сэмінару «Новыя суседзі Эўразьвязу».

«НН»: Ці бачыце вы нешта новае ў палітыцы Беларусі?

Аляксандар Рар: Не. Няма знакаў, што Беларусь неяк па-новаму асэнсоўвае сваю геапалітычную і геастратэгічную ролю ў новай, вялікай Эўропе. Адзінае новае — зыгзагі ў дачыненьні да Расеі. Аднак і тут разрыў настолькі істотны, што прэзыдэнт Беларусі ўсё больш трапляе ў ізаляцыю, цяпер ужо ня толькі ад Эўразьвязу, у якой ён знаходзіцца ад 1997 г., але і ад Расеі. І гэта ўжо для эканамічнага разьвіцьця краіны, для будаўніцтва незалежнасьці Беларусі небясьпечна.

«НН»: Вы думаеце, Расея можа адыграць пазытыўную ролю ў Беларусі ў бліжэйшыя гады?

А.Р.: Расея цяпер занятая кансалідацыяй уласнай дзяржаўнасьці. У ёй пераважаюць аўтарытарныя, а не дэмакратычныя тэндэнцыі. Гэта зьвязана з унутранымі праблемамі. Яна не ідзе ў бок дыктатуры, але змагаецца з карупцыяй, алігархіяй, аднаўляе дзяржапарат, перабудоўвае адносіны цэнтру з рэгіёнамі. У Расеі няма цяпер замежнапалітычных магчымасьцяў настолькі ўплываць на дэмакратычныя працэсы ў Беларусі, як гэта можа рабіць Эўразьвяз, разам з новымі членамі арганізацыі. Але нельга дапусьціць, каб Беларусь стала каменем спатыкненьня, аб’ектам геапалітычных баталій паміж Расеяй і ЭЗ, хоць многія экспэрты лічаць, што тыповай праблемай у адносінах паміж Расеяй і пашыраным ЭЗ менавіта і можа стаць не Ўкраіна, а Беларусь, бо яна сапраўды «краіна ў прамежку», шэрая зона, што можа стварыцца між ЭЗ і Расеяй.

Беларусь больш не разглядаецца як пераходная краіна. Рэформы закончыліся. Кіраўніцтва прыняло для сябе рашэньне быць там, а ня тут.

«НН»: Якое ўражаньне зрабіла апазыцыя ў Брусэлі й Бэрліне?

А.Р.: Калі ў выніку гэтых паездак апазыцыя зьяднаецца вакол аднаго кандыдата, палітычна прымальнага для цэнтрысцкага электарату, — гэта адно. Аднак калі апазыцыя едзе на Захад, каб шукаць фінансавай дапамогі для барацьбы з рэжымам, то гэта будзе пераход у такую небясьпечную фазу, калі яна перастане быць апазыцыяй, а стане дысыдэнцтвам. Дысыдэнты былі ў савецкія часы сьмелымі людзьмі і нават пакутнікамі, але палітычны працэс ад гэтага не абавязкова выйграваў. Я спадзяюся, што палітычны працэс у Беларусі ўсё ж будзе адбывацца па-іншаму, што апазыцыя не ператворыцца ў дысыдэнцкае асяродзьдзе, што яна будзе шукаць кампрамісаў. Я не гавару пра кампрамісы з Лукашэнкам, але з тым істэблішмэнтам у Беларусі, які знаходзіцца як бы «паміж» і таксама ня мае вялікага ўплыву на беларускую палітыку. Ідэальна было б, каб пасада прэзыдэнта перайшла ад Лукашэнкі, які б не балятаваўся ўжо ў трэці раз, да нейкага палітыка залатой сярэдзіны. Дастаткова дэмакратычнага, эўрапеізаванага, але й дастаткова кансэрватыўнага для беларускага электарату.

«НН»: Ці выжыве грамадзянская супольнасьць пад такім прэсам, як цяпер, без дапамогі з-за мяжы? А калі ня выжыве, ці можна будзе гаварыць пра палітычныя перамены?

А.Р.: Я згодзен з такім аргумэнтам, ён важкі. У той жа час трэба абдумаць і іншае. У якой ступені ў вачах беларусаў дапамога Захаду, ідэнтыфікацыя толькі з заходнімі праграмамі, з заходнімі надзеямі, з заходнімі плянамі да Беларусі ў палітычным пляне прыводзіць да таго, што частка людзей не разглядае прадстаўнікоў апазыцыі як сапраўды незалежных, нацыянальных палітыкаў? Ва Ўкраіне, напрыклад, грамадзянская супольнасьць не абавязкова грунтуе свой уплыў і свае магчымасьці толькі на дапамозе Захаду, а далучае да свайго крэда і рэсурсы знутры краіны. Не хачу ні ў чым абвінавачваць беларускую апазыцыю, тым больш што яна робіцца ўсё больш кансалідаванай сілай, бо Лукашэнка не ідзе ні на якія кампрамісы, ды ўсё ж хацелася б, каб гэтыя палітыкі-героі ішлі ў народ і не абмяжоўваліся тымі магчымасьцямі, якія яны маюць дзякуючы заходнім структурам, а шукалі супольную мову з кансэрватыўна і нацыянальна настроеным электаратам, які мае шмат пытаньняў да таго, што ўяўляе сабой сёньня Захад.

Ня выключана, што змагацца з такім аўтарытарызмам, як беларускі, сапраўды можна толькі дысыдэнцкімі мэтадамі. Але, на жаль, эфэкт ад дысыдэнцкага змаганьня абмежаваны. Не дысыдэнты развалілі Савецкі Саюз, і не яны сталі палітыкамі ў постсавецкіх краінах.

Гутарыў Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0