Апошні месяц вызначыўся дзьвюма культурніцкімі акцыямі: на Маскоўскім кінафэстывалі партызаніла «Акупацыя» Андрэя Кудзіненкі, а мастак Артур Клінаў актыўна пашыраў ідэі партызанства ў менскіх прыгарадах. Абедзьве падзеі — пасьпяховае і актуальнае культур-партызанства.

Беларускія партызаны ў Маскве

Маскоўскі паказ фільму «Акупацыя. Містэрыі» з самага пачатку суправаджаўся скандалам. Раздражнёнае Міністэрства культуры Беларусі накіравала дырэкцыі фэстывалю ліст, дзе выкрывалася «шкоднасьць карціны» й яе падрыўны характар. Падобны ўчынак менскіх чыноўнікаў толькі падагрэў цікавасьць публікі да беларускага фільму, і ніводная фэстывальная публікацыя не абыходзілася без узгадкі пра забарону карціны ў сябе на радзіме.

Яшчэ Фэліні казаў, што «цэнзура — гэта рэкляма за дзяржаўны кошт», і лепшай рэклямнай кампаніі фільму «Акупацыя» і ўявіць сабе цяжка.

Рэжысэра Кудзіненку, прадусара Дэбалюка і актора Колбышава прэса ўпарта прасіла растлумачыць прычыны варожасьці родных чыноўнікаў да аўтэнтычнага беларускага фільму. Супрацоўніца беларускай амбасады, якая часам прытулялася да здымачнай групы, клялася й бажылася, што фільм ёй надзвычай падабаецца. У гэтым яна не арыгінальная: менскія забаронцы карціны таксама пускалі сьлязу й нат выказвалі спадзяваньне, што «Акупацыю» будуць паказваць у школах.

А на сайце пасольства Беларусі ў Маскве зьявіўся абураны ліст вэтэрана, які заклікаў Мікіту Міхалкова, кіраўніка фэсту, «у імя расейска-беларускага саюзу» выключыць «Акупацыю» з праграмы. «Праявіце мужнасьць — у мірны час гэта ўсё ж такі лягчэй і прасьцей, чым на перадавой альбо ў партызанскіх схватках з ворагам!» — патрабаваў «генэрал-маёр у адстаўцы, удзельнік партызанскага руху ў Беларусі». Пільны генэрал праявіў надзвычайную абазнанасьць што да фэстывальных справаў і палітычнай сытуацыі ў Беларусі і, відаць, пэрыядычна зазірае на сайт беларускай амбасады, нягледзячы на свой «дзявяты дзясятак».

«Праўда-КПРФ» праявіла яшчэ большую дасьведчанасьць і ўжо загадзя называла фільм «заведама паклёпніцкім да кіраўніцтва рэспублікі». Дзе там яна гэтае кіраўніцтва вышукала, сказаць немагчыма, — ці то ў партрэце Марлен Дытрых, ці то пад курынаю страхой.

«Фільм зьняты зь непадробнай жарсьцю і разам з тым даволі сучасна, з разуменьнем кіно як актуальнага фальклёру», — меркаваньне расейскага топ-крытыка Андрэя Плахава.

«Акупацыя», магчыма, часам і нагадае «Ўскраіну» Пятра Луцыка, але некалькі разоў за паўтары гадзіны экраннага часу ў фільме адбываюцца прарывы ў сфэру ўражвальнага, сапраўднага гуманізму», — пішуць сьціплыя на камплімэнты «Известия» і дадаюць, што «фільм быў злачынна абмежаваны ў сродках». Дарэчы, гэты артыкул да беларускіх чытачоў не дайшоў. «Известия» ў Беларусі выйшлі зусім зь іншымі матэрыяламі.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0