Юрась Губарэвіч: Сытуацыю ў краіне трэба мяняць

26-гадовы Юрась Губарэвіч — адзін зь нямногіх палітыкаў, які мае адпаведную адукацыю: ён скончыў магістратуру па спэцыяльнасьці «дзяржаўнае кіраваньне». Юрась — дэпутат Белаазерскага гарадзкога Савету.

«НН»: Юрась, у Беларусі шырока распаўсюджана меркаваньне, што мясцовыя саветы нічога не вырашаюць. Што ты як дэпутат гарсавету можаш сказаць?

ЮГ: Наша практыка паказвае, што варта спрабаваць нешта рабіць. Вада і камень точыць. Асабліва калі ты не самотны, а маеш паплечнікаў. Мы нядаўна дамагліся адмены ў раёне мясцовага збору за карыстаньне аб’ектамі добраўпарадкаваньня і інфраструктуры, які плацілі ўладальнікі аўтамабіляў, прычым ня толькі з нашага, але і двух суседніх — Івацэвіцкага і Пружанскага — раёнаў. Збор быў незаконны, таму што не было канкрэтызацыі, што зьяўляецца аб’ектам падаткаабкладаньня. Пасьля таго як мы пачалі яго абскарджваць ва ўсіх інстанцыях, вэртыкаль спусьціла разнарадку ў райсавет, і той сам адмяніў збор. Самае цікавае — абгрунтаваньне, зь якім яго адмянілі: маўляў, у раённым бюджэце знайшліся грошы, таму збор можна адмяніць. Дык гэта значыць, што калі разабрацца — і грошы ў бюджэце знаходзяцца, і ёсьць што красьці! Калі арыштоўваюць высокапастаўленага бярозаўскага чыноўніка — значыць, ёсьць што красьці! Цяпер мы з камандай зьбіраемся дамагчыся вяртаньня людзям гэтых грошай. А наступным пытаньнем мы хочам даведацца, куды ідуць грошы ад суботнікаў.

«НН»: А дзе гарантыя, што вы, прыйшоўшы да ўлады, ня будзеце красьці?

ЮГ: Усякая ахвота красьці адпадае, калі сыстэма празрыстая. Проста людзям трэба тлумачыць, куды ідуць грошы. Яны нават у большасьці выпадкаў гатовыя заплаціць грошы, калі ведаюць, што гэта пойдзе туды і туды. Як з гэтым зборам: 2% людзей, якія ведалі закон і былі ўпэўненыя ў сваёй праваце, проста адмаўляліся плаціць збор, і ДАІ не магло нічога зь імі зрабіць. Гэта паказвае, што калі чалавек адстойвае сваё права і ведае закон, у яго ніхто не адбярэ яго грошы. Людзі павінны кантраляваць уладу. І, натуральна, патрэбная выбарнасьць вышэйшых пасадаў. Мэр ці стараста гораду павінен быць пададказны людзям.

«НН»: Цяпер модна распрацоўваць стратэгіі разьвіцьця для паасобных рэгіёнаў. Ці ёсьць у вас стратэгія разьвіцьця Белаазерску і Бярозаўскага раёну?

ЮГ: Мы шукаем магчымасьці, каб зрабіць грунтоўную дасьледчыцкую працу над стратэгіяй. Гэтая стратэгія павінна ўключаць два моманты: прывабнасьць для жыхароў і прывабнасьць для інвэстараў. Які рэгіён першы гэта зробіць, той мае найлепшыя шанцы на інвэстыцыі. Але зразумела, што рэалізацыія стратэгій цяпер упіраецца ў агульную сытуацыю ў краіне, што гэта праца на будучыню.

«НН»: Як складаюцца твае стасункі з дэпутатамі пасьля восеньскіх давыбараў, калі цябе і тваіх паплечнікаў хаялі ў газэтах і дзе толькі маглі?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыла Вераніка Дзядок

***

Біяграфія

Юрась Губарэвіч у 2000 скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію па спэцыяльнасьці інжынэр-электрык, у 2003 г. атрымаў дыплём магістра дзяржаўнага кіраваньня (Акадэміі дзяржаўнага кіраваньня пры прэзыдэнту Ўкраіны і Ўнівэрсытэту Паўночнага Лёндану). З 1996 да 1998 ў Маладым Фронце, з 2000 — старшыня Цэнтру рэгіянальнага супрацоўніцтва (Белаазерск), у 2003 абраны намесьнікам старшыні Белаазерскага гарсавету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0