«За апошнія гады — чатыры цуды Маці Божае Будслаўскае»

Сёлетні фэст у Будславе супаў з 500-годзьдзем мястэчка. У 1504 г. вялікі князь літоўскі й кароль польскі Аляксандар Ягелёнчык падараваў манахам-францішканам 600 моргаў лесу. З таго часу пайшла гісторыя касьцёлу і мястэчка. У 1588 г. тут адбыўся цуд зьяўленьня Маці Божай, а ў 1613 г. касьцёлу быў падараваны абраз Божай Маці, які аказаўся цудатворным. З 1990-х Будслаўскі касьцёл ізноў стаў цэнтрам фэстаў. Пра Будслаў і значэньне пілігрымак у сьвятыя мясьціны карэспандэнту «НН» распавядае пробашч менскага Чырвонага касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены Ўладзіслаў Завальнюк.

Уладзіслаў Завальнюк: Ужо ў часы Вялікага Княства Літоўскага людзі ў Будслаў ішлі ня толькі з бліжэйшай акругі (можна згадаць хаця б Латвію). Пілігрымкі маюць вялікую духоўную значнасьць: сам рух вернікаў у кляштар ці да манахаў-пустэльнікаў можна параўнаць з рухам крыві ў арганізьме чалавека. Гэта працэс абнаўленьня, працэс жыцьця! Людзі бачаць новыя мясьціны свайго краю, знаёмяцца зь іншымі людзьмі. Гэта людзі, занятыя добрымі думкамі 3—5 дзён. У Польшчы пілігрымкі да Чанстаховы доўжацца 27 дзён: чалавек бярэ адпачынак і ідзе пехатою з Гданьску ў Чанстахову. І што цікава, тыя, хто адзін-другі раз пайшоў у пілігрымку, заўсёды жадаюць ісьці яшчэ. Гэта паказвае, што дзейнічае нейкі вышэйшы дух.

Каб у нас абудзіць дух у людзей, трэба заклікаць, каб яны ішлі пілігрымамі — ці ў Будслаў, ці ў Жыровічы (за Слонімам), ці ў Тракелі (за Лідай), ці ў Гудагай, ці ў Лагішын (пад Пінскам).

«НН»: Ці стане Будслаў для Беларусі тым, чым для палякаў ёсьць Чанстахова?

У.З.: Першыя афіцыйныя звароты ў дзяржаўныя структуры, каб далі 2 ліпеня дзяржаўны выхадны дзень, былі ў 1991 г. Тады якраз у парлямэнце вызначаліся сьвяты: прызначылі Божае Нараджэньне, Вялікдзень (другі дзень), Дзяды і Дзень маці Божае Будслаўскай. Гэта ўсё было афіцыйна!

Цяпер мы толькі разгортваем працу. 10—12 год — гэта толькі першыя парасткі. Сёлета ўпершыню ня толькі ў Эўропе, а можа, і ў сьвеце мы распачалі традыцыю пілігрымкі на роварах. Ад нашага касьцёлу 29 чалавек ехалі пілігрымамі 4 дні. Вельмі многіх гэта інтрыгуе, людзі цікавяцца. На наступны год будзе ўжо хмара!

«НН»: Вядомы цуды, якія адбываліся ў Будславе раней. А цяпер ці бываюць яны?

У.З.: За апошнія гады ўжо чатыры выпадкі дапамогі Маці Божае. Адно здарэньне — у Глыбокім: малады чалавек трапіў у аўтааварыю, восем дзён ляжаў у Полацку без аніякай надзеі. Лекары сказалі маці: «Усё, забірайце». Яна зьвярнулася да Маці Божай — і адбыўся цуд: сёньня гэты чалавек скончыў унівэрсытэт, працуе і ўдзячны Маці Божай. Падрабязьней пра ўсе гэтыя выпадкі я б хацеў падрыхтаваць анал.

Мы не зьбіраемся на пустым месцы «разьдзьмухваць» славу гэтай сьвятыні — Маці Божая сказала: «Сам Сын уславіць». Па-першае, туды трэба вельмі многа ўкласьці матэрыяльных сродкаў. Што казаць, калі там няма нават элемэнтарных навесаў над плошчай, дзе людзі маглі б схавацца ад дажджу. Сёлета, напрыклад, усе прамоклі да ніткі.

Па-другое, Будслаў не павінен быць цэнтрам толькі раз на год — нон-стоп круглы год! Хто пажадаў бы наведаць Маці Божую — сеў на аўтобус і паехаў. Значыць, трэба арганізаваць невялікі гатэль, сталоўку (можа, ня самай высокай якасьці, але з даступнымі цэнамі). Трэба, каб чалавек мог нешта купіць на памяць — кнігі, фотаальбомы, буклеты пра гэтую мясьціну.

«НН»: Ці шмат людзей было сёлета на фэсьце?

У.З.: На набажэнстве тысяч 10—15 стаялі на плошчы, але далей — мора людзей. Яны былі на набажэнстве ў 7 ці 10 гадзінаў і на 13 ужо не пайшлі. Увесь час яны зьмяняліся.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыў Адам Воршыч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0