Віцэ-прэзыдэнт Фінскага ПЭН-Цэнтру Юка Малінэн згадвае хельсынскі пэрыяд Васіля Быкава

Юка Малінэн — мілы фін з клясычным балтыйскім акцэнтам. Будучы віцэ-прэзыдэнтам ПЭН-Цэнтру Фінляндыі, ён памагаў Быкаву ўладкавацца ў сваёй паўночнай краіне, наладзіць побыт. Сп.Малі-нэн ахвотна згадвае падрабязнасьці гэных двух гадоў. Ён быў адным зь нямногіх, з кім Васіль Быкаў кантактаваў у Хельсынкі. Юка прывёз нам валун Быкава — камень на магілу — і ўспамін пра вялікага пісьменьніка…

— Спадар Юка, чаму менавіта фінскі валун?

— Атрымаць валун з Вуасаараў на магілу было апошнім жаданьнем Быкава. Пра гэта мне паведаміў Някляеў. Я ведаў Быкава, вёў ягоныя справы два гады ў Фінляндыі — з боку фінскага ПЭН-Цэнтру стараўся рабіць як мага болей для спадара Васіля… Мне было вельмі добра з Быкавым, шкада было тады разьвітвацца. І калі я даведаўся пра жаданьне з валуном, дык зьвярнуўся ў мэрыю гораду Хельсынкі. Яны ў той жа момант згадзіліся падараваць камень беларускаму боку. У нашым аддзеле культуры ёсьць выдатны чалавек — Ур’ё Лармала. Ён нават трохі ведае пра Беларусь (Юка вачыма ставіць тут смайлік. — Аўт.). Мы ўтрох — Ур’ё, Някляеў і я — паехалі, выбралі камень. Горад Хельсынкі замовіў яго… На адным баку там напісана «Васіль Быкаў. 1924—2003», а ззаду, па-беларуску і па-фінску, выбіта «Ад гораду Хельсынкі». І ўсё.

— Дарогаю з валуном былі праблемы?

— Да Вільні везьлі машынаю пасольства Фінляндыі ў Літве. Далей беларусы самі везьлі…

— Як выбіралі валун?

— Ну як?.. Самы прыгожы… Гэта, вядома, умоўна. Выбіралі тыповага прадстаўніка валуновага насельніцтва Фінляндыі.

— Сам Быкаў мог бачыць гэты валун?

— Думаю, так. Кватэра Быкава была за сотню мэтраў ад мора. Там ёсьць такая дзікая паўвыспа — яна была любімым месцам Васіля Быкава. Быкаў кожны вечар хадзіў туды, Ірына Міхайлаўна можа лепш пра гэта расказаць. Валун — з тых мясьцінаў. Так што міма праходзіў дакладна. Дарэчы, вам цікава, чаму валун з Вуасаараў?..

— У кнізе «Лісты ў Хельсынкі» Быкаў маляваў гэтыя камяні…

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыў Сьцяпан Луцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0