Сяброўства трох дзяцей незваротна распадаецца, калі аднаго з хлопчыкаў звозяць на машыне вычварэнцы.
Праз 25 год надломлены Дэйв (Цім Робінс) ня можа забыць пакутаў, Шон (Кевін Бэйкан) — паліцэйскі, які спрабуе змагацца са злом, а колішні гарэза хлапечай кампаніі Джымі (Шон Пэн) — былы крымінальнік.
Лёс ізноў зводзіць сяброў дзяцінства. Калі 19-гадовую дачку Джымі жорстка забіваюць, Дэйв вяртаецца дадому акрываўлены — а Шон распачынае сьледзтва па справе забойства.
Для 73-гадовага Клінта Іствуда, які выступіў рэжысэрам карціны і напісаў да фільму даволі неблагую музыку, важным зьяўляецца ня сам дэтэктыўны сюжэт, а глыбінныя стасункі паміж людзьмі, атмасфэра чалавечых характараў, схаваныя ў штодзённасьці жарсьці.
Акторскія працы ў фільме бліскучыя, з тонкімі нюансамі адценьняў. Сцэна ля ракі паміж Цімам Робінсанам і Шонам Пэнам ператвараецца ў патаемную — і звычайную — машыну наканаваньня, дзе ахвяры й каты — жывыя людзі па сваім выбары й па сваім характары.
Раман Дэніс Лехейн пераўтварыў у сцэнар Браян Гелгеланд, вядомы няўдалымі сюжэтамі фільмаў жахаў. Жанр дэтэктыўнага трымценьніка разьмякчаецца, у плыні карціны зьяўляюцца нясьпешныя затокі і тоні — і фільму бракуе аўтарскай упэўненасьці, вызначанай аўры, каб стаць шэдэўрам. Здаецца, абавязковыя для псыхалягічнага кіно дзіцячыя ўспаміны ўсё болей ператвараюцца ў стылёвы архаізм, хаця гэты архаізм і здольны шчэ быць нейкай падпоркай.
Амэрыканскія крытыкі надзвычай высока ацанілі карціну, роўна як і амэрыканскія гледачы. Але містычная рака дзейнічае не на кожнага.
Андрэй Расінскі
Кінафармат «4х4»
Таямнічая рака (Mystic River)
ЗША, 2003, каляровы, 137 хв.
Жанр: Драма
Адзнака: 6 (з 10)