Дзевяць год праіснавала адзіная беларускамоўная кляса ў баранавіцкай СШ №19.

Цяперака яе зьбіраюцца зачыніць «празь немэта-згоднасьць». Шмат школьнікаў падаліся ў сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы, а некаторыя вырашылі перавесьціся ў расейскія клясы, паколькі зь беларускаю моваю, на іх думку, цяжэй будзе паступаць і вучыцца ў ВНУ.

Каля 10 дзяцей хочуць працягваць навучаньне па-беларуску. Вось у іх і ўзьніклі праблемы. Бо перавесьціся няма куды: гэта была адзіная беларуская дзявятая кляса ў горадзе. Дзясятае можа ня быць.

Паводле слоў загадчыка баранавіцкага аддзелу адукацыі Ігара Стасевіча, ніякіх праблем няма. «Кожны можа вучыцца на той мове, на якой пажадае. І калі зьбярэцца 25 чалавек для камплектнасьці, тады дзясятая беларускамоўная кляса будзе ў школе №19».

Відаць, сп.Стасевіч ня ведае пра пастанову Міністэрства адукацыі, у якой сьцьвярджаецца мэтазгодным ствараць беларускія клясы, нават калі ёсьць толькі трое ахвотных.

Як расказаў чытачам «НН» старшыня баранавіцкай філіі ТБМ Віктар Сырыца, цяпер бацькі дзяцей беларускае клясы сталі на цяжкі шлях барацьбы. Мясцовыя ўлады ня вельмі хочуць адкрываць новыя клясы і паці-ху прыдушваюць існыя. На бацькоў пачынаюць ціснуць, каб тыя адмовіліся ад ідэі навучаньня сваіх дзяцей па-беларуску. Галоўны аргумэнт чыноўнікаў з аддзелу адукацыі і кіраўніцтва школы — няма вышэйшай адукацыі па-беларуску. Дый наагул аддзел адукацыі не ўхваляе стварэньня новых беларускіх клясаў у горадзе. Настаўнікі й ня супраць выкладаць на роднай мове, але чакаюць нейкіх загадаў, а самі баяцца. ТБМ будзе дапамагаць ім, шукаць нейкія шляхі, каб захаваць гэтую беларускую клясу.

У Баранавічах у 2003/04 г. было 8 беларускамоўных клясаў. Адна сёлета выпусьцілася. Застанецца шэсьць. Ці будзе сёмая, залежыць ад пазыцыі бацькоў і дзяцей.

Руслан Равяка, Баранавічы

Даведка

У 2003/04 г. з 53 беларускамоўных школ у гарадах краіны на Берасьцейскую вобласьць прыпадала 3. Беларускамоўных клясаў у Беларусі 272, на Берасьцейшчыне — 27. У суседняй Гарадзенскай вобласьці іх ажно 80, а ў Менску і Менскай вобласьці — 130.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0