Слынны філёзаф Валянцін Акудовіч прэзэнтацыяй сваёй кнігі «Разбурыць Парыж» зруйнаваў ня толькі радзіму мысьляроў ды парфумы, а й традыцыі правядзеньня імпрэзаў.

Каб не абвяргаць тэорыі пра тое, што яго няма, аўтар не зьявіўся 14 ліпеня (дзень руйнаваньня Бастыліі) у залі Пушкінскай бібліятэкі. Гэткім чынам ён вымусіў кожнага выступоўцу даказваць існаваньне легендарнага мысьляра. Вынаходлівыя літаратары махалі набытым у Акудовічавай краме плецаком (Віктар Жыбуль), дэманстравалі фільм пра ягоную асобу ды сьпявалі «Ён ёсьць» пад музыку з «Нотр-Даму» (Джэці ды Хадановіч). Ула-дзімер Арлоў паведаміў, што першую ягоную кнігу «Добры дзень, мая шыпшына» слынны філёзаф у часы складанасьцяў з туалетнай паперай захоўваў у прыбіральні. Адам Глёбус згадаў, што Акудовіч — мацак ня толькі ў філязофіі: аўтар «Дамавікамэрону» разам з разбуральнікам Парыжу цягаў мэблю для Леаніда Дранька-Майсюка. Серж Мінскевіч вынайшаў для Акудовіча трапнае азначэньне «скалалаз-байдарачнік». Гучалі прысьвечаныя яму вершы (Валянціна Аксак, Уладзімер Арлоў) ды абяцаньні зрабіць годную сапраўднага кініка кадушку (Пятро Васючэнка). Яго не было. Толькі выказваньне «А мяне няма» паліндрамічна лунала над старонкамі тройчы руйнаванага кампутарам выданьня.

Болачка, АВ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0