Беларускія грамадзкія дзеячы доўга настойвалі: чалавечая памяць кароткая, патрэбная экспазыцыя, прысьвечаная катастрофе на ЧАЭС, нельга дапусьціць, каб пра трагедыю забылі. Здавалася, заклікаў ніхто ў Беларусі ня чуў. Але пачулі за яе межамі — і зьявілася выстава «Згубленая зямля», частка праекту CORE «Практычная радыелягічная культура, перадача памяці паміж пакаленьнямі і народамі», што фінансуецца Эўрапейскай Супольнасьцю пры дапамозе праграмы ТАСІС.

Згубленая зямля

Катычаў, Піркі, Асіньнік, Рабінаўка, Савічы, Усьцімле, Ходарава — ад гэтых і іншых беларускіх вёсак засталіся толькі назвы на мапе з кароткай пазначкай неж. — нежылая… Выстава «Згубленая зямля», прысьвечаная жыхарам вёсак, якія апынуліся ў зоне адсяленьня, па некалькі месяцаў экспануецца ў розных гарадах краіны. Чаргаваньне каляровых і чорна‑белых фатаздымкаў — сувязь мінулага і цяперашняга, паўпразрыстыя палотны з адбіткамі газэтных артыкулаў 1986‑га і сямейных фатаздымкаў, усяго больш за 250 экспанатаў… Ніводзін экспанат не падпісаны — для радыяцыі ня мае значэньня, якая гэта вёска. Для яе ўсе роўныя.

Захаваць памяць пра чарнобыльскую катастрофу, не дапусьціць яе забыцьця і перадаць яе гісторыю будучым пакаленьням — асноўная мэта экспазыцыі. «Згубленая зямля» — праект Эўракамісіі, якому няма аналягаў у сьвеце, бо не было ў гісторыі чалавецтва такой страшнай тэхнагеннай катастрофы.

Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы выставы прынялі самі жыхары чатырох пацярпелых раёнаў — удзельнікаў міжнароднай праграмы CORE (Брагінскага, Чачэрскага, Слаўгарадзкага і Столінскага), эўрапейскія партнэры — француская асацыяцыя «Спадчына бязь межаў», мясцовыя чыноўнікі.

Раскажы мне, што нясеш

Працяг міжнароднага праекту «Практычная радыелягічная культура, перадача памяці паміж пакаленьнямі і народамі» CORE — кампанэнт «Раскажы мне, воблака…». Школьнікі Беларусі на працягу году знаёміліся з гісторыяй і наступствамі катастрофы на ЧАЭС, вывучалі асновы бясьпечнага пражываньня на пацярпелых тэрыторыях — і пісалі казкі, ілюструючы іх пры падтрымцы беларускіх мастакоў, пісьменьнікаў і рэжысэраў. Галоўным героем апавяданьня стала радыеактыўнае воблака, што вырвалася са злавеснага чацьвертага рэактару Чарнобыльскай АЭС у красавіку 1986 году. Аблокі, як і неба, ня ведаюць межаў, яны, нібы прывідныя сылюэты, лунаюць над зямлёй, нараджаюць ва ўяўленьні дзіцяці дзівосныя вобразы, якія пасьля знаходзяць сваё адлюстраваньне ў казачных гісторыях. Даючы волю фантазіі, дзеці праілюстравалі іх сваімі малюнкамі, а пасьля, стаўшы кінаакторамі, прынялі ўдзел у здымках 10‑хвіліннага кароткамэтражнага фільму.

І ў чэрвені ў Брагіне прайшоў фэстываль‑прэзэнтацыя, які сабраў больш за 300 удзельнікаў і гасьцей зь Беларусі, Украіны, Францыі і Расеі.

Цяпер чакаецца выпуск ілюстраванага зборніка, у які ўвойдуць каля 60 казак, а таксама дыск зь відэавэрсіяй публікацыі на расейскай, францускай і ангельскай мовах. Найлепшыя фільмы‑казкі прымуць удзел у заключнай цырымоніі ўзнагароджваньня, якая адбудзецца ў Парыжы ў кастрычніку 2007 году.

***

Дадзеная публікацыя падрыхтаваная пры спрыяньні Эўразьвязу і не абавязкова адлюстроўвае афіцыйны пункт гледжаньня ЭЗ.

Па дадатковую інфармацыю зьвяртайцеся на сайт www.delblr.ec.europa.eu

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0