Гутарка з самым вядомым гітарыстам Беларусі Пітам Паўлавым

«НН» : Як склалася, што чалавек без аніякае музычнае адукацыі робіцца лідэр-гітарыстам найлепшых рок-гуртоў Беларусі: «N.R.M.», «Крыві», «Гарацкія»?

ПП : У мяне ёсьць жыцьцёвы прынцып: калі я аднойчы сказаў сабе, што граю на гітары, у гэты ж момант узьнікла думка, што павінен гэта рабіць лепш за астатніх, прынамсі ў абсяжнай прасторы. А далягляд, які прапануюць нашы музычныя ўстановы, недастатковы для таго, каб граць у музычным гурце. Установы прадукуюць аўтаматы для выкананьня і прачытаньня нотаў, якія трапляюць у дзяржаўныя структуры, аркестры, ансамблі.

«НН» : Якія ў цябе патрабаваньні да музыкі?

ПП : Музыка для мяне цяпер — справа жыцьця, мэнтальная зьява, адбітак часу, інструмэнт уплыву на маладую генэрацыю, спосаб зарабляньня грошай, кар’ера — гэта ўсё спалучылася ў адным фармаце і цікавіць мяне ў розных ступенях. Калі б мяне турбавалі толькі грошы, я быў бы больш заможным, але я, напэўна, яшчэ не дарос ці ўжо перарос гэтую цікавасьць. Мяне больш прывабліваюць творчыя моманты. На сёньня пануючыя сусьветныя тэндэнцыі ў музыцы — гэта шчырасьць і нязмушанасьць. Вось галоўныя патрабаваньні. І на гэтым шляху заўсёды ўзьнікаюць шэдэўры, якія мяне вабяць. Я іх інстынктыўна, інтуітыўна адчуваю адразу, вылучаю для сабе і прыцягваю. Потым пераапрацоўваю і ствараю штосьці зусім іншае, але пад уплывам зробленага.

«НН» : Неяк у інтэрвію ты сказаў, што Вольскі ў «N.R.M.» нікому не дае побач з сабою сьпяваць. Праекты «Гарацкія» ды «Pete Paff» — вынік таго, што ты адчуваеш сябе №2 у гурце?

ПП : Здаецца, гэта не зусім мае словы, а хутчэй хітрык журналіста Дзімы Падбярэскага. Але адкажу, што ў «N.R.M.» мне сьпяваць ня варта. Там ёсьць харызматычны сьпявак, а я — харызматычны гітарыст. Тое, што склалася само, і ёсьць самае лепшае. Усе штучныя намаганьні хутка заканчваюцца, не прыводзячы ні да якага выніку. Якраз такія выпадковасьці, утаймаваныя часам, звычайна і застаюцца назаўжды.

Ва ўсім сьвеце ўдзельнікі папулярных гуртоў робяць сольныя праекты, каб не зацыклівацца. Вядома, мы зь Лявонам Вольскім здольныя і па тры песьні ў дзень пісаць — быў бы альбом на тыдзень. Але хто б іх слухаў і набываў? Пачалося б кланаваньне думак, вобразаў. А прыхільнікі заўсёды хочуць чагосьці новага. І новае мы прапануем у сваіх сольных праектах, увесь час імкнёмся выцягваць маладыя сілы.

«НН» : Выступ «Гарацкіх» зь берасьцейскім гуртам «Сьцяна» ў клюбе «NC» не адбыўся: не прыйшлі гледачы. Тады на працягу аднаго тыдня было заплянавана 8 канцэртаў, і на большасьць зь іх прыйшло вельмі мала слухачоў...

ПП : У людзей фізычна няма грошай. Таму што наша дзяржава знаходзіцца ў дзікім заняпадзе. На канцэрце «N.R.M.» 22 траўня ў тым самым клюбе «NC» быў аншляг. Людзі сабралі ўсе свае магчымасьці і прыйшлі. Не лічу, што восем канцэртаў на тыдзень — гэта зашмат для двухмільённага гораду. Я буду працаваць над тым, каб да мяне на «Гарацкія» і «Pete Paff» прыходзіла мая публіка, нават калі ў гэты дзень будзе «Metallica» выступаць у Палацы спорту (вядома, калі я сам не пайду на «Metallica»).

«НН» : Беларуская вёска вымірае, а разам зь ёю зьнікаюць аўтэнтычныя гаворкі, песьні, тая старадаўняя спадчына. Ты шкадуеш пра ўрбанізацыю?

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Гутарыў Юрась Бусел

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0