Месяц таму да мяне ў госьці завітала парыжанка.

Ейны бацька — беларус, сын славутага дзеяча эміграцыі. А сама яна тэатральная дзяячка. Ня маючы што падарыць на добры ўспамін, вырашыў зарыгінальнічаць. Я прэзэнтаваў ёй таўшчэзны альбом, прысьвечаны 40-годзьдзю БССР. Госьця зьбянтэжылася. Але вось яна перагарнула адну старонку, наступную. Учыталася ў тэксты…

Сьмяялася яна доўга. То ўважліва чытала, то ківала ў захапленьні галавою, то зноў яе праймаў сьмех. «…На душу насельніцтва ў БССР вырабляецца жаночага абутку болей, чым у Францыі, ЗША, Германіі і Англіі… ялавічыны болей, чым у… сьвініны…» — і г.д. Фатаздымкі гарадоў і мястэчак, на якія ня трапіў ніводзін храм, перамяжоўваліся са здымкамі толькі ўзьведзеных вясковых хат з цэглы, абсаджаных нейкімі пруткамі й аточаных аднолькавымі казённымі платамі. А вось і пальмы ў Менску. БССР рапартавала пра свае дасягненьні ў зьверагадоўлі й мэліярацыі, рачным транспарце й жывёлагадоўлі, культуры і цяжкай прамысловасьці. Асаблівую ўвагу складальнікі таго юбілейнага альбому надалі пашырэньню пасяўных плошчаў пад кукурузу, каноплі й кок-сагыз. Ці ня кожны артыкульчык сканчаўся апісаньнем неймаверных пэрспэктыў, што чакалі Беларусь за Саветамі.

Лішне казаць, што ў той вялікі фотаальбом трапілі толькі ўсьмешлівыя твары. Вось шырока ўсьміхаецца калгасьніца, чухаючы за вухам велізарную сьвінку. Подпіс ляканічны: «…Ну як ёй не любавацца?»

А вось шырока ўсьміхаецца лысы чалавек. «М.С.Хрушчоў сярод…» Шчодра аздоблены беларускімі арнамэнтамі й густа адрэтушаванымі здымкамі, той альбом быў сапраўднай апалёгіяй БССР і тагачаснага ладу.

Сёньня й я ад душы сьмяюся ці, прынамсі, гатовы пасьмяяцца з таго вобразу БССР, што дзясяткі гадоў рупліва складаўся ў адну цэласную каляровую мазаіку.

Але варта аддаць належнае ідэолягам і стваральнікам тае вялізнае мазаікі — эрзацу савецкіх дасягненьняў, «нацыянальных» формай і «сацыялістычных» зьместам. Найперш, была створана даволі цэласная сыстэма каштоўнасьцяў, сярод якіх любоў да роднага краю і яго культуры была на першых месцах. Па-другое, паўстала трывалая эстэтычная праграма, у якой падкрэсьліваньне этнічных і рэгіянальных асаблівасьцяў толькі віталася.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Харэўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0