Нацыянальны банк Беларусі прыняў рашэнне аб зніжэнні з 1 ліпеня стаўкі рэфінансавання на 0,25% — да 10,75% гадавых.

1 лютага 2007 года стаўка рэфінансавання была павялічана з 10 да 11% гадавых. Такое рашэнне было прынята ў сувязі з неабходнасцю павышэння прыцягальнасці рублёвых укладаў насельніцтва ва ўмовах ажыятажнага попыту на валюту, што назіраўся на пачатку 2007 года.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацбанка, зніжэнне стаўкі рэфінансавання праводзіцца ў адпаведнасці з Асноўнымі кірункамі грашова‑крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2007 год. Гэтаму садзейнічае невысокі ўзровень інфляцыі: за студзень‑май гэтага года ў сярэднім за месяц прырост індэкса спажывецкіх цэн склаў 0,6%, фактычна зраўнаваўшыся з узроўнем аналагічнага перыяду 2006 года.

У Нацбанку зазначаюць, што змяншэнне стаўкі рэфінансавання будзе садзейнічаць найперш далейшаму зніжэнню кошту крэдытаў банкаў і пашырэнню іх даступнасці для насельніцтва і арганізацый. З улікам нязначнага зніжэння стаўкі і стабільнасці абменнага курсу беларускага рубля па‑ранейшаму захаваецца перавышэнне ўзроўню даходнасці ад размяшчэння грашовых сродкаў у рублёвыя ўклады ў банках над даходнасцю ад іх захоўвання ў замежнай валюце.

Паводле прагнозаў Нацбанка, да канца года стаўка рэфінансавання знізіцца да 9% гадавых.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0