Кожны, хто пераяжджае мяжу, мусіць заплаціць 5000 рублёў экалягічнага збору.

Вельмі цікавае правіла — падатак за паветра. Праблемы пачаліся, калі мы даехалі да польскай мытні. Памежніца не пагрэбавала праверыць наяўнасьць 300 злотых, якіх мусіць мне «хапіць» на адзін дзень пражываньня ў Польшчы. У Баброўніках мяжа праходзіць па рацэ. Рыхтык на мосьце цераз раку знаходзіцца лінія, якая ўмоўна падзяляе Польшчу і Беларусь. Нам пашанцавала злапаць беларускую машыну на гэтым мосьце, каб нам фінансава дапамаглі «заехаць» у Польшчу, бо вяртацца ў Горадню па грошы было немэтазгодна. Палякі нас выправадзілі са сваёй тэрыторыі. Беларусы забаранілі знаходзіцца на мосьце з нашага боку. Таму мы стаялі рыхтык на той лініі, на якую ня могуць прэтэндаваць ні беларусы, ні палякі.

Праз 10 хвілін мы зноўку размаўлялі з той самай польскай памежніцай. Яна ўсьміхалася і казала, што на гэты раз мы маем вельмі шмат грошай, якіх нам безумоўна хопіць на пражываньне. Толькі пасьля гэтага нам удалося праехаць на «Басовішча».

Каб наведаць беларускі рок-фэстываль, выпадае цярпець усялякія непрыемнасьці. Расейская папса выступае ў Віцебску, а беларускія рокеры едуць у Польшчу, каб парадаваць сваіх суайчыньнікаў. Застаецца сказаць дзякуй «БАСу», які дазваляе пачуць нацыянальныя здабыткі хоць у Гарадку.

Андрусь Шпакаў, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0