Мужыцкая праўда
Там, дзе зарослай пратокай плывуць героі,
кінуўшы сем’і і хатнюю гаспадарку;
там, дзе зьбірацца нельга больш як па трое,
каб не залішне перагружаць байдарку;
там, дзе ўсё так неймаверна і так яскрава,
што падаецца фільмам зь нянашым удзелам,
толькі руку апэратара водзіць то ўлева, то ўправа
ў вузкім зазоры між плыняю й вашым целам;
там, дзе збываюцца ўсе непатрэбныя мары,
дзе не пужаюць бярвеньні, карчы й камяні,
калі глядзіш на сонца празь цёмныя акуляры
і вяслуеш так хутка, што адстаюць сьляпні;
між Летувой (ці Літвой) і Горадняю (ці Гроднам),
на скрыжаваньні прыемнасьці і карысьці,
ты адчуваеш сябе амаль несьмяротным —
у параўнаньні з істотай, якая хацела ўгрызьці…
Марная марнасьць па найтаньнейшым у краі кошце.
(Праўда, «піла» тут назоўнік, а не дзеяслоў.)
Можна пісаць лісты і слаць у бутэлькавай пошце —
скідзельскім пэнсіянэркам будзе багаты ўлоў!
П’еш самаробны напой на зёлках і мёдзе
і адно выпадкова не перабіраеш мяжы,
каб, абудзіўшыся зранку ў цёплым, сухім намёце,
верш рамантычны скласьці пра холад і пра дажджы.
Катранская пушча, канец ліпеня 2004