Дэпутатка палаты прадстаўнікоў Натальля Машэрава вырашыла ня браць удзелу ў выбарах 17 кастрычніка. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію радыё «Свабода»: «Вось я прайду і буду зноў там сядзець і ў меншасьці націскаць кнопкі. Справа ня ў тым, што мы там добрыя ці дрэнныя. Трэба прынцыпова мяняць статус парлямэнту, ня проста пашыраць паўнамоцтвы, а канцэптуальна мяняць стаўленьне да заканадаўчай галіны ўлады. Я ня бачу там ніякай магчымасьці, мне цяжка там працаваць і быць зьвязанай па руках і нагах… Не хачу. Хачу быць палітыкам».Для спн.Машэравай быць палітыкам — значыць быць вольным у сваіх ацэнках і дзеяньнях. Н.Машэрава, дачка былога першага сакратара ЦК КПБ, цяпер аддае перавагу не камуністычнай, а сацыял-дэмакратычнай ідэалёгіі. «Камуністычная ідэалёгія, натуральна, у гэтым тысячагодзьдзі ў чыстым выглядзе ўжо ня можа быць рэалізаванай. Проста гэта неразумна».

Што да магчымага свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 г., то цяпер на гэтую тэму Н.Машэрава гаварыць ня хоча, бо пакуль ніякага рашэньня не прымала. У 2001 г. Н.Машэрава ў апошні момант спалохалася, нягледзячы на імклівы рост свайго рэйтынгу, зафіксаваны сацыёлягамі пасьля аднае яе заявы пра гатоўнасьць балятавацца. З уласьцівай ёй асьцярожнасьцю філёляг Машэрава правяла пяць гадоў у палаце ў цені шумнай «Рэспублікі».

Спн.Машэрава не задаволена тым, што ў Беларусі становіцца звычкаю нэгатыўнае стаўленьне да любога іншадумства, распальваецца канфрантацыя, што краіна мае дрэнны вобраз у сьвеце: «Трэба спыняць стварэньне іміджу краіны па адным чалавеку. У нас краіна іншая».

А вось што адказала спн.Машэрава на пытаньне, што будзе зь Беларусяй, калі А.Лукашэнка застанецца на трэці тэрмін прэзыдэнцтва: «У любым разе, будзе краіна, які б ні быў кіраўнік і колькі тэрмінаў яшчэ ні прабудзе Аляксандар Рыгоравіч, у любым выпадку сувэрэнітэт будзе захаваны, а гэта вельмі важна. Мы самастойная дзяржава, будзем шукаць сваё месца паміж вялікай Эўропай і вялікай Расеяй».

Як беспадстаўнае яна ацаніла закрыцьцё Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, а таксама нэгатыўна выказалася наконт закрыцьця карпункту РТР у Менску, што, на яе думку, можа істотна пагоршыць двухбаковыя дачыненьні Беларусі й Расеі.

Што азначаюць гэтыя вымоўныя заявы папулярнае дэпутаткі? Як і Зянон Пазьняк, Н.Машэрава лічыць, што толькі прэзыдэнцкія выбары 2006 г. могуць зьмяніць сытуацыю ў краіне. Дачка БССРаўскага лідэра таксама расчараваная ў цяперашнім кіраўніку краіны. Безь яго справы ў Беларусі ішлі б лепей, мяркуе яна. У гэтай сваёй пазыцыі Н.Машэрава адбівае настроі сярэдняга слою грамадзтва, які па-ранейшаму не прымае Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на рост дабрабыту і новую рыторыку.

Уплывовыя палітолягі Аляксандар Рар і Сяргей Караганаў далі зразумець, што Бэрлін і Масква гатовыя падтрымаць кандыдатуру Н.Машэравай. Сёлета дэпутатку Машэраву прымалі ў абедзьвюх гэтых сталіцах.

Мы кажам «Машэраў» — і ўспамінаем БССР, мы кажам «БССР» — і ўспамінаем Машэрава. А.Лукашэнка старанна адраджаў БССРаўскія дух і традыцыі. Гісторыя добра пасьмяецца, калі яму прыйдзецца змагацца з дачкой Машэрава.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0