Калі няма грошай, можна прыкрыцца стылем. Месяц таму я набыў сабе недарагі аўтамабіль. Старую «Волгу ГАЗ-21».

Прасторны салён, які больш нагадвае вагоннае купэ. Заміж пярэдніх фатэляў — неабдымная канапа. Велізарны руль з клаксанам, упрыгожаным аленем. Попельніца, якая нават уначы блішчыць хромам. Сапраўдны карабель-прывід з далёкай эпохі. Колішняя запаветная і нязбытная мара кожнага савецкага чалавека. Сымбаль посьпеху і ўдалай кар’еры, якому сёньня цана — паўмільёна беларускіх рублёў. Цікава, хто езьдзіў на гэтым аўто сорак год таму? Палкоўнік КГБ? Інструктар ЦК? Ці, можа, які народны пісьменьнік? Якія краявіды асьвятлялі гэтыя фары? Балясіны крымскага санаторыю? Дамкі на яшчэ не зруйнаванай Нямізе? Ці руіны храмаў Полацку і Беразьвечча?

Усіх, хто сядае ў маё старое аўто, пачынае апаноўваць нейкая дзіўная настальгія па тых часах, калі гэтая «Волга» толькі сышла з канвэеру. Прыгадваюць беларускамоўны «Вячэрні Мінск», фантастычныя на сёньняшні дзень наклады «ЛіМу» і «Полымя», сьвятло ў вокнах Караткевіча і Хадзеева, магчымасьць забурыцца ў «Мутнае вока» ды «Чорныя скалы». Прыгадваюць апошнія гарадзкія беларускія школы ды свае першыя буквары. Прыгадваюць грунтоўна выдадзеныя кніжкі Маўра ды Шэксьпіра, якія і да сёньня не патрабуюць пераплёту. Прыгадваюць самыя смачныя ў сьвеце піражкі зь лівэрам ды газіроўку, цыгарэты «Сьвіцязь» ды чарніла «Сьвяточнае». Прыгадваюць, колькі каштавалі авіябілеты на Нарач ці ў Мазыр ды саму мажлівасьць паляцець у любы пункт Беларусі. Ад усіх гэтых прыгадак павявае адным: якую мы мелі краіну!

У такім храмавана-плюшавым антуражы няцяжка заразіцца настальгіяй па Савецкай Беларусі, якая быццам сышла назаўжды, але спрабуе напоўніцу рэанімавацца ў сёньняшнім дні. Сваімі сымбалямі, сваімі суботнікамі, сваімі «празьнікамі». А галоўнае — сваім стаўленьнем да мовы і яе носьбітаў. Дзякуй лёсу, ужо не «калхозьнікаў», а «бээнэфаўцаў».

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Зьміцер Бартосік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0