Я піў сьлівавы сок зь мякацьцю

Пакаленьне, мэтрыкі якога датуюцца 1985—86 гадамі, ведае пра БССР са школьных падручнікаў гісторыі найноўшага часу, з мастацкага кіно, поўнага сантымэнтаў, з дакумэнтальнага кіно, поўнага фактаў, з аповедаў татамамабабуляў, дзе ўсё гэтак жа яскрава і няпэўна, як само жыцьцё. Тым ня менш, калі пры думцы пра савецкія заварныя пірожныя ў нас не ўзьнікае нейкай глыбіннай цеплыні, як гэта адбываецца з нашымі бацькамі, песьні з савецкіх мультфільмаў у большасьці выклікаюць тугу па ўласным дзяцінстве. Пазначаныя як «born in the USSR», мы наўрад ці будзем здольныя прыгадаць поўную карціну таго сьвету, дзе патрэбныя рэчы «даставалі», джынсы выварвалі ў рондлі, як кукурузу, а на ультракароткіх хвалях «круцілі» арыгінальныя вэрсіі сёньняшніх хітоў.

Паміж намі, дзецьмі Чарнобыльскай катастрофы ды апошняй хвалі нацыянальнага адраджэньня, і намі ж, маладымі людзьмі ў адчайна расейскамоўнай краіне адвечных канфармістаў, пралягла цэлая вечнасьць, за якую шмат рэчаў пасьпела зьнікнуць або зьмяніцца да непазнавальнасьці. Новая НТР зрабіла Беларусь «краінай зь пераходнай эканомікай», накрыла яе сеткай GSM і прымусіла завод «Гарызонт» нечакана для сябе выпускаць тэлевізары з пляскатым экранам.

Цяжка сабе ўявіць, што ў тых, хто сёньня бесьперашкодна карыстаецца лічбавымі фотаапаратамі, часта няма ніводнага каляровага дзіцячага здымку. І калі сёньня цэлымі фатасэсіямі адзначаецца любая падзея ў жыцьці, увесь пэрыяд маленства часам адбіты толькі на некалькіх калектыўных дзетсадаўскіх фатаграфіях.

Тым ня менш, гаворка ўсё ж болей не пра сілу прагрэсу, а пра само ўспрыманьне таго, што хаваецца за назвай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» для людзей, мала знаёмых з тагачаснымі рэаліямі, але народжаных у іншай краіне, іншым тысячагодзьдзі і іншай сыстэме каштоўнасьцей.

Калі я папрасіла сваіх аднагодкаў пералічыць асацыяцыі, якія ў іх узьнікаюць пры згадваньні абрэвіятуры «БССР», яны назвалі Сталіна, рэпрэсіі, пустыя крамныя паліцы ў Балтыйску, ВІА «Песьняры», гумавых Чабурашак, пункты прыёму шклатары ў вясковых хатах, майткі на гумках, манку на вадзе, Гарбачова па чорна-белым TV, журавіны ў цукры, ручную машынку для стрыжкі валасоў, брудныя сталоўкі, патухлыя лямпачкі, камбайны «Беларусь» і «Ніва», Пётру Машэрава, алюмініевыя відэльцы, чырвоныя шорты, нацягнутыя на палку, кампоты ў трохлітровых слоіках, падраныя школьныя падручнікі, чыноўнікаў, рукапацісканьне і суніцы ў плеценых квадратных кошыках…

— Што ты рабіў у БССР, Рома? — пытаюся я свайго сябра.

— Я, — кажа Раман, — піў сьлівавы сок зь мякацьцю.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Тэда Лі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0