Зазвычай у сярэдзіне лета на шахматным фронце зацішша.

Сёлета, аднак, акрамя мэмарыялу Верасава ў Менску, заўважнай падзеяй сталіся шахбаталіі ў Віцебску. Летась абласная фэдэрацыя выступіла ініцыятарам «начнога маратону» — бліцтурніру для сапраўдных фанатаў шахматаў, якім у радасьць палохаць ранішніх мінакоў квадратнымі вачыма. Сёлета дзякуючы прадпрымальнаму Аляксандру Сарбаю на Дзьвіне ладзіліся ажно тры спаборніцтвы. Найцікавейшым быў, без сумневу, «open» у дзевяць тураў для майстроў, кандыдатаў і «гросаў». Зусім у духу «Славянскага базару» да нас прыбылі расейцы з украінцамі. Адзін з гасьцей, расейскі грасмайстар Аляксей Ілюшын, і заваяваў першае месца, падзяліўшы яго зь менскім калегам Сержуком Азаравым. Абодва набралі па 6,5 ачка. Гаспадар пляцоўкі, рэйтынг-фаварыт Андрэй Кавалёў (Elo 2550), прыйшоў толькі чацьвертым, адстаўшы на паўкроку.

Да дня шахмат (20 ліпеня) энтузіясты прымеркавалі традыцыйную «швайцарку» із скарочаным кантролем. Цесная заля па менскім адрасе К.Маркса, 10 не ўмяшчала ўсіх ахвотных. У выніку пераканаўча перамог майстар Ігар Ратковіч — 7,5 бала з 9. Зрабіў сабе падарунак да 40-годзьдзя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0