Як Парфяновіча прымусілі прыняць допінг

Галоўнымі ў сьвеце спорту спаборніцтвамі 1984 г. мелі стацца XXIII Алімпійскія гульні ў Лос-Анджэласе. Але ў аналы сусьветнае гісторыі ім было наканавана ўвайсьці як адным з найбольш скандальных. У адказ на байкот маскоўскай Алімпіяды-80, арганізаваны ЗША ў знак пратэсту супраць увядзеньня савецкіх войскаў у Аўганістан, сацыялістычныя краіны праігнаравалі Алімпіяду-84. У выніку ў спаборніцтвах чатырохгодзьдзя ў Лос-Ан-джэласе ня здолелі ўзяць удзел 125 чэмпіёнаў плянэты, што не магло не адбіцца на агульным узроўні турніру. Былі сярод іх і беларусы.

«Байкот!»

Алімпійскі чэмпіён сэульскай Алімпіяды 1988 году віцяблянін Вячаслаў Яноўскі мусіў вярнуцца ў вялікі спорт, каб дасягнуць алімпійскай мэты: «Дзевяць гадоў я быў складзе зборнай Саюзу. На пачатку 80-х некалькі разоў станавіўся прызэрам чэмпіянатаў і Спартакіяды народаў СССР, быў трэцім на эўрапершынстве. Пяць гадоў запар я перамагаў у турнірах наймацнейшых баксёраў краіны. У 1984-м заваяваў права выступаць на Алімпіядзе ў Лос-Анджэласе. Але палітыкі адабралі ў спартоўцаў гэтае права. Думаю, не ад вялікага розуму. У 86-м я пакінуў рынг, пачаў працаваць трэнэрам. Але паўза не была працяглай. Адчуў, што не сказаў на рынгу апошняга слова, і вярнуўся».

Трохразовага пераможцу маскоўскіх Гульняў, дзевяціразовага чэмпіёну сьвету ў веславаньні на байдарках Уладзімера Парфяновіча байкот вымусіў пайсьці супраць уласных прынцыпаў.

«Я быў і застаюся прынцыповым праціўнікам выкарыстаньня допінгавых прэпаратаў. Але прымаць іх аднойчы мне ўсё ж прыйшлося — у 84-м, перад спаборніцтвамі «Дружба-84», якімі камуністычнае кіраўніцтва падмяніла нам Алімпіяду. Спачатку я адмовіўся. У адказ пачуў: «У такім выпадку мы цябе ў зборнай не затрымліваем». Я б і паехаў дадому, але, апрача адзінкі, я тады веславаў і ў экіпажы чацьвёркі. Мой ад’езд азначаў аўтаматычны няўдзел трох маіх калег, і я вымушаны быў падставіць сябе пад два ўколы рэтабалілу. Што да няўдзелу ў Алімпіядзе ў Лос-Анджэласе, дык на цяперашні розум я б заявіўся і выступаў пад сьцягам Міжнароднага алімпійскага камітэту. Нельга зьмешваць спорт і палітыку. Калі атлет заваяваў права ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях, нельга гэтае права адбіраць», — лічыць сп.Парфяновіч.

Паўсюль — КДБ

Узаемны байкот Алімпіяд 80-х гадоў стаўся вынікам новага ўсплёску варожасьці ва ўзаемаадносінах краін супрацьлеглых лягераў. Спорт ад самага пачатку быў адным з палігонаў «халоднае вайны», а савецкія спартоўцы — паняволенымі закладнікамі палітыкі партыі.

Стартавая для СССР Алімпіяда 1952 г. у Хельсынкі запомнілася менскаму бар’ерысту Анатолю Юліну напружанай атмасфэрай палітычнага супрацьстаяньня. Некалькі гадоў таму нябожчык Анатоль Іванавіч распавядаў: «Гэта быў час, калі ішла барацьба паміж капіталістычнымі і сацыялістычнымі лягерамі ва ўсіх сфэрах жыцьця, у тым ліку і ў спорце. Супрацьстаяньне было такім, што спартоўцы краін-апанэнтаў жылі ў розных месцах, аб’яднанай алімпійскай вёскі не было зусім. Спартоўцы сацкраін разьмяшчаліся ў Атаніемі, за 20—25 км ад Хельсынкі. Я адразу зьвярнуў увагу на тое, што фіны на нас неяк дзіўна глядзяць, асабліва дзеці. Відаць, гэта было водгульлем савецка-фінскай вайны 1940 г., а таксама капіталістычнай прапаганды, якая пераконвала, што расейцы падобныя да зьвяроў, што яны ўсе забойцы».

Славутая спрынтэрка, чатырохразовая чэмпіёнка Эўропы Марыя Іткіна на сваіх дэбютных Алімпійскіх гульнях у Мэльбурне (1956) сустрэла багатага сваяка і трапіла на ўлік КДБ: «Добра памятаю, як некалькі чалавек з абслуговага пэрсаналу цеплаходу «Грузія», на якім мы вярталіся дамоў, папрасілі ў Аўстраліі палітычнага прытулку. А яшчэ ў Алімпійскую вёску прыехаў неяк мужчына, які прадставіўся Іткіным, маім родным дзядзькам. Ён прынёс с сабой цэлы стос выразак пра мяне з «Правды», «Известий», «Советского спорта» і іншых савецкіх газэт, сабраных за некалькі гадоў, а таксама шмат гасьцінцаў і канвэрт з грашамі. Яго адразу заўважылі маскоўскія кадэбэшнікі, якіх у складзе дэлегацыі было аж зашмат — ці не па аднаму на двух спартоўцаў. Я дзядзьку (магчыма, што гэта насамрэч быў мой дзядзька — так вайна раскідала людзей) сказала: «Калі ласка, я вас вельмі прашу, забярыце ўсё і зьяжджайце, бо ў мяне будуць праз вас вялікія праблемы». Пасьля мяне й сапраўды падрабязна распытвалі пра ўсё. Нейкі час я нават была невыязной. Напрыклад, мяне не пусьцілі ў Філадэльфію на традыцыйную матчавую сустрэчу СССР—США. Дык яны мне так і казалі: у вас дзядзька за мяжой. Праўда, дзякуючы высілкам Машэрава ды Мазурава гэтая праблема была вырашана».

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Кастусь Лашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0