7 жніўня спаўняецца 50 гадоў Алегу Трусаву

Алег Трусаў падараваў мне Беларусь, гэтаксама як і сотням іншых студэнтаў менскіх ВНУ ў канцы 70-х і ў 80-х гадах мінулага стагодзьдзя. Ня ўсе зь іх прынялі гэты дар, нехта, вярнуўшыся з трусаўскіх экспэдыцый, ізноў звыкла занырваў у вычышчаную ад беларускасьці атмасфэру беларускай сталіцы. Але шмат хто зноў і зноў прасіўся на наступнае лета ў чарговы археалягічны выезд куды-небудзь у Мір ці Чачэрск… А той-сёй прыбіваўся да экспэдыцыі надаўжэй, часам на ўсё жыцьцё — вось як Ігар Чарняўскі, мы зь Нінай Здановіч, Алесь Кушнярэвіч, Генадзь Сагановіч, Ірэна Ганецкая, Ала Сташкевіч. Хоць даўно ўжо не існуе таго аддзелу архітэктурнай археалёгіі Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытуту і няма экспэдыцыі, якой кіраваў Алег Трусаў, але мы працягваем жыць у ёй і зь ёй…

Алег Трусаў пачаў ствараць сваю Экспэдыцыю з 1976 г., адразу пасьля таго як бліскуча закончыў гістарычны факультэт БДУ і выбраў месца працы — археолягам у Навукова-рэстаўрацыйных праектных майстэрнях. Хлопец сьвядома і мэтанакіравана пачаў фармаваць уласную навуковую школу, вышукваючы і спраўджваючы ў «полі» студэнтаў-гісторыкаў.

А летам падчас археалягічных вандровак да нас далучаліся студэнты-архітэктары, мастакі, матэматыкі, фізыкі, тэхнолягі. Адмыслова з Гомелю прыяжджалі Алесь Бяляцкі з Эдзікам Акуліным. На раскопках Мірскага замку спраўджваўся Вінцук Вячорка. Паглядзеўшы, як гэты гарадзкі хлапец, нягледзячы на крывавыя мазалі на руках, дзень за днём апантана рваў рыдлёўкай мацерыковую гліну на замкавым падворку, я паверыў у яго канчаткова і беспаваротна.

Трусаўская Экспэдыцыя была выспай беларускасьці, маленькай краінай, дзе ўсё было па-беларуску: і гаворка, і песьні, і палявая дакумэнтацыя. Там мы ратаваліся ад гнятлівай шэрасьці «разьвітога сацыялізму». Там была свабода і чысьціня духу, мы ня проста здабывалі зь зямлі археалягічныя артэфакты, але працавалі на Беларусь, выяўляючы, апрацоўваючы і публікуючы атрыбуты сярэднявечнай і навачаснай беларускай матэрыяльнай культуры.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Алесь Краўцэвіч

***

Алег Трусаў нарадзіўся ў 1954 у Мсьціславе. Кандыдат гіст. навук. Аўтар кніг «Старонкі мураванай кнігі» (1990), «Манумэнтальнае дойлідзтва Беларусі XI—XVIII стст. Гісторыя будаўнічай тэхнікі» (2001). У 1990—1995 — дэпутат парлямэнту. Ад 1999 — старшыня Таварыства беларускай мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0