Алімпіяда ў люстэрку хмарачосаў
36 тысячаў кніг на алімпійскую тэматыку прапануе заакіянская нэт-кнігарня Amazon.com — гэтая лічба забівае напавал. Якасьць алімпійскіх фотаальбомаў на паліцах ведамых у Нью-Ёрку кнігарань «Barnes & Noble» уводзіць у стан грогі. Колькасьць навінаў ва ўсіх магчымых СМІ ўражвае. Досыць сказаць «бакс-бакс», як калісьці «сім-сім», і ўсё гэта робіцца табе даступным. Тым больш шакуе той факт, што тут, у ЗША, Алімпіядай цікавіцца толькі абмежаваная група заўзятараў.
Геаграфічная адлегласьць Новага Сьвету ад Старога і, у падмурку сваім, некамэрцыйны характар Алімпійскіх гульняў зрабіў іх, па сутнасьці, чужымі для амэрыканскай мары. Імпэрыя свабоды і грошай жыве ў напружаным чаканьні новых тэрактаў, стогне ў ліхаманцы напярэдадні прэм’еры чарговага блякбастэру кшталту «Catwoman», з ранку да вечару падлічвае шанцы Буша і Керы.
А як жа спорт?
У амэрыканцаў сваё разуменьне спорту, і на першым месцы, па-за канкурэнцыяй, бэйсбол. Гэта і хобі, і грошы, і адпачынак, першыя бачыны газэт і прайм-тайм на ТБ, усеагульная любоў да «New York Yankees» і паўсюдныя выявы яе капітана — імпазантнага мулата Дэрыка Джытэра. Бэйсбольны чэмпіянат у самым зэніце, усё астатняе на другім пляне.
Што да Алімпіяды, дык згадкі пра яе найчасьцей зьяўляюцца ў зьвязку зь дзьвюма акалічнасьцямі: допінгавым скандалам у стане лёгкаатлетычнай каманды і антытэрарыстычнымі выдаткамі грэцкага боку.
Прадстаўленьне пачынаецца. Але ці для ўсіх?
Кастусь Лашкевіч, Нью-Ёрк