За правядзеньне пікету 3 жніўня на Кастрычніцкай плошчы Менску асуджаны актывісты АГП Аляксей Прыходзька (15 сутак), Натальля Зубарэвіч (10 с.), Тацяна Ларыёнава (30 б.в.). Н.Зубарэвіч пасьля 3 сутак утрыманьня ў прыёмніку-разьмеркавальніку 10 жніўня была дастаўленая ў аддзяленьне кардыялёгіі больніцы ў Бараўлянах. Актывіст прафсаюзу РЭПАМ Іван Роман 3 жніўня быў затрыманы каля прахадной Гарадзенскага заводу аўтамабільных агрэгатаў падчас раздачы прафсаюзных бюлетэняў — 174 бюлетэні канфіскаваны, хаця мелі ўсе выходныя зьвесткі. 3 жніўня супрацоўнікі міліцыі Ганцавіцкага раёну затрымалі ўдзельнікаў акцыі супраць разьмяшчэньня расейскай радыёлякацыйнай станцыі «Волга» ў Беларусі; арганізатар акцыі намесьнік старшыні Менскай абласной арганізацыі ПБНФ Павал Батуеў 4 жніўня атрымаў позву ў суд за «арганізацыю несанкцыяванага пікету». 4 жніўня за знаходжаньне на расейскай тэрыторыі й несанкцыяванае пікетаваньне каля вёскі Машукі Клецкага раёну былі затрыманыя маладафронтаўцы Ганна Шкаранда, Паліна Табакова, Натальля Максімава, Іван Глеб, Вадзім Месядзенка, Павал Каранюхін, Алена Двайнова, Яўген Ваўкавец, Сяржук Савіч і Павал Красоўскі. С.Савіча з Жодзіна папярэдзілі пра адлічэньне з Акадэміі МУС за ўдзел у рэйдзе з інфармаваньнем пра расейскую РЛС. Супрацоўніцу дзяржаўнай арганізацыі Тацяну Жабко (Маладэчна), якая таксама ўдзельнічала ў паходзе, на працы прымусілі напісаць тлумачальную наконт таго, дзе яна была падчас адпачынку. Чыгуначны раённы суд Віцебску 4 жніўня аштрафаваў Барыса Хамайду на 20 б.в. за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць»: Хамайда казаў, што бясплатна распаўсюджвае «БДГ» і ня мае з таго прыбыткаў, але судзьдзя да ўвагі паказаньні сьведкаў не прыняў. Газэта «Рабочая салідарнасць» 4 жніўня спыніла сваё існаваньне, бо яе заснавальнік — ужо ліквідаваная Беларуская партыя працы. Вольга Завадзкая, маці зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага, 4 жніўня накіравала ў Пракуратуру заяву з патрабаваньнем узнавіць расьсьледаваньне па справе яе сына і дапытаць А.Лукашэнку як сьведку. Актывістаў Свабоднага прафсаюзу беларускага Віктара Стукава і Міколу Шараха затрымалі 4 жніўня на прахадной ААТ «Полацак-Шкловалакно» і пасьля надгляду асабістых рэчаў забаранілі праносіць на тэрыторыю прадпрыемства прафсаюзны інфармацыйны бюлетэнь «Регион»; затрымка падчас забіраньня бюлетэняў і складаньня пратаколу была аформлена як спазьненьне на працоўнае месца. 5, 6 жніўня быў сарваны выхад «Народнай волі»: судовы выканаўца арыштаваў банкаўскі рахунак выданьня і паперу, на якой павінен быў друкавацца наклад. Нумар выйшаў толькі 7 жніўня, пасьля таго як рэдакцыя «НВ» заплаціла каля 70 млн руб. паводле пазоваў С.Атрошчанкі і Я.Рыбакова. 5 жніўня генпракурор В.Шэйман адхіліў хадайніцтва пра вызваленьне з-пад варты Міхаіла Марыніча, 6 жніўня Марыніч заявіў адвод новаму сьледчаму Барысу Рагімаву. 6 жніўня пад ціскам адміністрацыі Барысаўскага заводу аўтатрактарнага абсталяваньня (пагроза звальненьня з прычыны скарачэньня штатаў) заяву пра выхад з РЭПАМу падаў Зьміцер Цьвяткоў. Сябры АГП Віктар Какарэка і Зьміцер Слуцкі падалі пазовы ў Гарадзенскі абласны суд на вынікі фармаваньня выбарчых камісій. 6 жніўня дэпутат групы «Рэспубліка» генэрал Валер Фралоў падаў судовы пазоў пра абарону гонару і годнасьці: ён патрабуе ад С.Атрошчанкі 100 млн руб. за тое, што ў газэце «Обозреватель» (заснавальнік Атрошчанка) яго назвалі антысэмітам. У кватэры актывісткі «Зубра» Насты Васіленкі з Баранавіч 6 жніўня супрацоўнікі міліцыі з санкцыі пракурора наладзілі ператрус, заявіўшы, што шукаюць скрадзены мабільны тэлефон; тэлефона не знайшлі, але канфіскавалі незалежныя выданьні і ўлёткі, а таксама дзяўчынін нататнік. 9 жніўня Калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду не задаволіла скаргі Сойму ПБНФ на рашэньне суду Першамайскага раёну — суд адмовіўся пачынаць крымінальную справу супраць Белтэлерадыёкампаніі й журналіста Ю.Пракопава па абароне гонару і годнасьці партыі. Актывіста АГП зь Мёраў Валера Каралёва супрацоўнікі міліцыі затрымалі 9 жніўня на Маскоўскім аўтавакзале Менску падчас раздачы інфармацыйных матэрыялаў «5+» ды газэты «Время». Неўзабаве туды ж прыбылі супрацоўнік пракуратуры й двое з КДБ. Міліцыянт цікавіўся крыніцамі паступленьня літаратуры. Кадэбісты — поглядамі, перакананьнямі, паездкамі за мяжу.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0