Чым меней дзён застаецца да адкрыцьця Алімпіяды ў Атэнах, тым хутчэй пачынае біцца тваё сэрца.

І кожнае паведамленьне з Атэнаў успрымаецца з хваляваньнем. Ці пасьпеюць грэкі, асабліва пасьля сьвяткаваньня трыюмфу футбольнай зборнай на Эўра-2004, у час здаць усе спартовыя аб’екты Гульняў? Ці не сарвуць Алімпіяду хоць бы гатэльныя работнікі сталіцы Гульняў чатырохгодзьдзя, якія не здаволены сваім заробкам і пагражаюць страйкам? І што будзе зь пятнаццацьцю тысячамі бадзяжных жывёл, якіх муніцыпалітэт Атэнаў пастанавіў зьнішчыць, пасьля чаго некаторыя спартоўцы Канады прыгразілі арганізатарам Гульняў байкотам? І ці будзе належным чынам пастаўлена абарона гораду ад тэрактаў?

Аднак усе засьцярогі ў мінулым. І сёньня пачнуцца Летнія Алімпійскія гульні. Кошт квітка на цырымонію адкрыцьця складае 950 эўра. Паспалітаму беларусу трапіць туды можна, хіба выйграўшы конкурс НАКу ці выпадкова адкаркаваўшы патрэбную бутэльку «Кока-колы». Ноч у гатэлі падчас Алімпіяды каштуе 690 эўра. Шчыра кажучы, цэны крыху кусачыя. Хоць, зрэшты, ёсьць квіткі ўсяго па 10 эўра. Квіток на мужчынскую 100-мэтроўку будзе каштаваць 90 эўра. Грэкі баяцца, што ўсе білеты ня будуць раскуплены і давядзецца спартоўцам спаборнічаць пры паўпустых трыбунах.

Для жыхароў усяго сьвету, што ня трапяць на прарадзіму Алімпіяды, не застанецца нічога іншага, як назіраць за спаборніцтвам атлетаў са сваіх тэлевізараў. Наша БТ ужо даўно заключыла кантракт на паказ Алімпіяды. Як паведамляюць камэнтатары, гэта будуць першыя Алімпійскія гульні, паказаныя Беларускім тэлебачаньнем у поўным аб’ёме. У 2000 г. з Сыднэю вяліся рэпартажы толькі з асобных спартовых арэн: гімнастыка, дзьве барацьбы, веславаньне, лёгкая атлетыка

Цікава, ці атрымаем мы зноў расейскамоўных камэнтатараў «з вузьлікамі ў роце», якія сваім прафэсійным узроўнем на дзьве-тры галавы саступаюць польскім і расейскім калегам? Калі так, то ня дзіва, калі многія беларусы зноў замест свайго БТ абяруць рэпартажы каналаў суседніх дзяржаў.

Сам чакаю на Алімпіядзе-2004 выступу Івана Іванкова, якому жадаю шчырага трыюмфу пасьля расчараваньня на Алімпійскіх гулнях у Сыднэі. Чакаю, ці пакажа БТ выступы ўкраінскага сабліста Аляксандра Лукашэнкі і спаборніцтва ў стральбе з луку, ці мо які дамарослы цэнзар на БТ знойдзе крамолу ў слове «лукадром» — назьве арэны спаборніцтваў у гэтым відзе спорту. Тым болей што адзін лукадром у краіне, у Берасьці, ужо прыкрылі. Чакаю «золата» ад Каці Карстэн, Наташы Цылінскай, Вані Ціхана, Эліны Зьверавай і мо хто ведае ад каго яшчэ. Чакаю перамогі літоўцаў у баскетболе над амэрыканскай dream-team. Чакаю сусьветных рэкордаў у плаваньні і лёгкай атлетыцы, а таксама сумленнай барацьбы.

Ня трэба забывацца, што заўсёды пасьля асноўных Алімпійскіх гульняў праходзяць Паралімпійскія гульні. Гульні людзей, якіх язык ніяк не паварочваецца назваць інвалідамі. Гэта людзі моцнай волі і моцнага характару. Яны не замкнуліся ў сабе, не засталіся сам-насам са сваёй хваробай, а, наадварот, пачалі рабіць подзьвігі. Менавіта подзьвігі, іншага слова тут не падбярэш.

XXVIII Алімпійскія Гульні ў Атэнах стануць трэцімі для незалежнай Беларусі. На першых мы ўзялі адзін залаты мэдаль, на другіх — тры ўзнагароды найвышэйшай пробы. Няблага было б працягнуць геамэтрычную прагрэсію.

Хварэем за нашых!

Зьміцер Панкавец, Кастрыца (Барысаўшчына)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0