Праваслаўны сьвятар а. Аляксандар Шрамко чакае рашэньня мітрапаліта Філарэта наконт дазволу адпраўляць службы.

Нагадаем, што 15 траўня мітрапаліт Менскі і Слуцкі Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы Філарэт падпісаў указ аб забароне праводзіць службы клірыку Сьвята‑Пакроўскага прыходу Менску Аляксандру Шрамку і залічыў яго па‑за штат. У віну а. Аляксандру паставілі ўдзел у канфэрэнцыі па пытаньнях свабоды сумленьня. Аляксандар Шрамко тады рэзка крытыкаваў гэты закон, ягоная пазыцыя супярэчыць пазыцыі БПЦ.

Адзінай магчымасьцю ізноў вярнуцца да сьвятарскай дзейнасьці, зьяўлялася напісаньне пакаяннага лісту Філарэту. І сапраўды, дзесьці праз тыдзень сьвятар напісаў такі ліст, але адказу няма па сёньня. Айцец Аляксандар кажа: «Надзея на добры фінал яшчэ не прапала канчаткова».

Мітрапаліт абяцаў запрасіць сьвятара да сябе на гутарку, але зь нейкіх прычын яна ўвесь час адкладалася. У чэрвені ўладыка Філарэт шмат езьдзіць па краіне. У Менску зьявіцца толькі ў пачатку ліпеня.

Сьвятар вырашыў, калі справа станоўча ня вырашыцца, то будзе працаваць у сфэры журналістыкі.

Цяпер у праваслаўную япархію накіроўваецца шмат лістоў у знак салідарнасьці з Шрамком. Пішуць ня толькі зь Беларусі, але і з Францыі, Бэльгіі. У прыходзе да сьвятара ставяцца прыхільна, у тым ліку і настаяцель. Шрамко кажа пра тое, што цяпер досыць часта спыняюць на вуліцы, каб выказаць сваю падтрымку.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0