Адкрыты ліст у Міністэрства інфармацыі ЗША ад жыхароў Садомавіцкага раёну, апрацаваны ідэалягічным аддзелам райвыканкаму

Мы, жыхары Садомавіцкага раёну, выказваем рашучы пратэст у сувязі са зьяўленьнем у амэрыканскай прэсе публікацыяў, што бэсьцяць маральныя якасьці й дзелавую рэпутацыю кіраўнікоў нашага раёну. Газэта «Капіталістычная Амэрыка» надрукавала поўны непрыхаванай маны пасквіль «Садомавічы ці Садом?», у якім было збэшчанае добрае імя старшыні Садомавіцкага райвыканкаму Садамоўскага А.А.

Як піша «КА», у часе брыфінгу, дадзенага журналістам раённай газэты «Рэха Садому», старшыня заявіў, што сыстэматычна і ў вычварэнскай форме дамагаецца загадчыка райаддзелу ідэалёгіі Гамаровіча І.І. і ўсяе радзіны апошняга. Больш за тое, старшыня нібыта цынічна паабяцаў узмацніць сэксуальны ўціск на ідэоляга, калі той не правядзе працу з даяркамі Гаморавіцкай фэрмы, якія псуюць раённую справаздачнасьць па надоях. У выніку ідэоляг быццам вымушаны быў напісаць заяву з просьбай перавесьці яго ў іншае месца працы. Тэндэнцыйная і хлусьлівая «Капіталістычная Амэрыка» не была б сабой, калі б не абярнула справу ў палітычнае рэчышча. «Дарэчы, Садамовіч быў адным зь вельмі тэмпэрамэнтных крытыкаў палітычных працэсаў у ЗША, — піша «КА». — Ён неаднаразова выступаў па правадной радыёсетцы з адпаведнымі рэзкімі заявамі. Напэўна, каб пра яго дрэнна не падумалі». Лішне казаць, што асобнай правадной сеткі раён ня мае. Яна ў нас агульнанацыянальная, і выступае па ёй зусім не Садамовіч А.А. Слова ж «брыфінг» магло зьявіцца толькі ў сапсаванай грамадзтвам спажываньня галаве: старшыня штодня заходзіць у рэдакцыю «Рэха», каб загадаць, пра што пісаць і якія фатаграфіі ставіць у нумар. Заяву ж кіраўнік аддзелу ідэалёгіі напісаў ня ў сувязі з уціскам, а з прычыны часовага пераходу ў абласны алімпійскі штаб. Ніводнага праўдзівага слова ва ўсёй публікацыі!

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Мікулевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0