Усё-такі дзіўная краіна — Беларусь!

Хіба толькі ў нас магчыма, каб праз уласную забыўчывасьць (на літару закону) пратэрмінаваны прэзыдэнт кіраваў дзяржавай толькі на той падставе, што ён, бачыце, за 10 год гэтаму як сьлед не навучыўся (значыць, трэба працягнуць), ды своечасова не прызначыў выбараў наступніка, ды яшчэ ён — прэзыдэнт алімпійскага камітэту, а год якраз алімпійскі. Ніводная краіна Эўрасаюзу, зь якім мы ад траўня 2004 г. (у сувязі з уступленьнем у яго Польшчы, Літвы і Латвіі) мяжуем, не дазволіла б сабе раскошы такога бязладзьдзя. Там на такі выпадак існуюць дзейсныя судовая і праваахоўная, заканадаўчая і рацыянальна пабудаваная выканаўчая сыстэмы. На крайні выпадак, ёсьць якасна арганізаваная мэдычная дапамога, што дазваляе ўсяму грамадзтву не пакутаваць у выніку амнэзіі паасобных грамадзян.

Адрозьненьні Беларусі і ЭС, як і эканамічныя, геапалітычныя, нават чалавечыя фактары, зьвязаныя з аб’яднаньнем Эўропы, тым ня менш, непасрэдна цікавяць беларусаў, большасьць зь якіх (ужо ў верасьні 2002 г., паводле НІСЭПД, такіх было 53,4%) бачаць сваю будучыню ў эўрапейскай сям’і. І таму розныя грамадзкія арганізацыі ўсё часьцей зьвяртаюцца да пытаньняў узаемадачыненьняў ЭС і Беларусі. Ад гэтага інтэлектуальнага мэйнстрыму апошніх месяцаў не застаўся ўбаку і шырокавядомы Народны ўнівэрсытэт, што ўвасобілася ў 14 зборніках навучальных матэрыялаў і 9 выпусках часопісу «Філаматы». Згаданы часопіс папулярызуе дзейнасьць Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства аматараў ведаў (філяматаў)», сяброўскага саюзу людзей, апантаных пашырэньнем у грамадзтве дакладных і сучасных ведаў. Таварыства здолела афіцыйна арганізавацца ва ўнікальны час — у 2002 г., калі міністэрства юстыцыі Беларусі амаль аўтаматычна адкідала спробы юрыдычна аформіцца самых разнастайных грамадзянскіх ініцыятыў.

Разумеючы, што веды набываюць характар матэрыяльнай сілы пры ўмове іх мэтанакіраванага адраснага пашырэньня, філяматы зьвярнуліся да тых асоб, якія ўвасабляюць (і адначасова крышталізуюць) волю шараговых грамадзян да эўраінтэграцыі пасьля выбраньня іх, гэтых асоб, дэпутатамі на парлямэнцкіх выбарах 2004 г., з заклікам да супрацоўніцтва. Заплянаваўшы два практычныя сэмінары на тэму «Беларусь і Аб’яднаная Эўропа: рэаліі і пэрспэктывы» — адзін на захадзе, другі на ўсходзе краіны, Таварыства зьвярнулася да пяці асноўных палітычных партый Бларусі, якія прадстаўляюць практычна ўвесь палітычны спэктар — ад правага флянгу (БНФ, АГП) да цэнтру і левага флянгу (Партыя працы, сацыял-дэмакраты, ПКБ). Цікава, што ўвесь палітычны спэктар у Беларусі лічыцца апазыцыяй — апазыцыяй тым пазасыстэмным (з пункту гледжаньня рацыянальнай палітыкі) сілам, якія цяпер кіруюць краінай.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Аляксей Хадыка,

выканаўчы дырэктар РГА «Таварыства аматараў ведаў (філяматаў)»

Аляксей Хадыка, рэдактар часопісу «Спадчына», выканаўчы дырэктар РГА «Таварыства аматараў ведаў (філяматаў)»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0