Што можа цешыць сэрца падарожніка болей, чым бадзёрая сонечная раніца, якою зьбіраюцца сябры ў паход?

Ці можна двойчы ўвайсці ў раку? Сёлета я здолеў — у Котру. Раку, што цячэ праз дрымучую пушчу, прапахлую брагай зь лясных бровараў.

Мінулы раз мы плавалі па Котры Рэдакцыяй «НН». Сёлета была іншая кампанія — спрэс сацыёлягі зь філёзафамі. Ды перакладчыца Калацкая. Ды паэт Хадановіч. Ды кіраўнік хору «Унія» Кірыла Насаеў.

Якія нечаканасьці нам прыносіць жыцьцё! Кожнае раніцы, пакуль розум паступова выцясьняе фантастычнае відмо ночы, было б рэалістычна прачынацца пад шэрым беларускім небам, дзе ў марлевую сьценку намёта б’ецца адзін зь незлічоных нашых камароў, што сілкуюцца нашаю і, заўважу як знаўца, ня толькі нашаю крывёю.

Рамантычнае Берштаўскае возера

Першае ўражаньне ад пачатку маршруту — магутнае рамантычнае Берштаўскае возера, зьперазанае туманамі ды каўткім дымам нашага вогнішча. Рэха тут б’ецца ў берагах, нібы збалелае сэрца.

Берштаўскае возера злучана дзьвюма пратокамі з рэчкай Котрай. Праз адну пратоку вада з Котры трапляе ў возера, а праз другую, каля выселку Бераставіца, вяртаецца ў рэчку. На гэтых пратоках звычайна ставіліся язы — прыстасаваньні для лоўлі рыбы.

У Берштаўскім возеры, паводле інвэнтару, які прыводзіць знаўца тамтэйшых мясьцін гісторык Сяргей Токць, вадзіліся шчупакі, самы, акуні, ляшчы, язі, ліні, плотка, верхаводка. Гэтую рыбу лавілі на возеры вялікім невадам. Рака Котра была галоўнай воднай артэрыяй пушчы. Па ёй сяляне сплаўлялі лес да Горадні і далей да самага Караляўца.

На вялікі жаль, ад тае былое раскошы засталіся адно запісы ў старонках старых кніг. Першым прыкрым адкрыцьцём была амаль поўная адсутнасьць рыбы ў рацэ. Бывалыя тубыльцы ніжэй па плыні тлумачылі, што рыбу няшчадна павыбівалі электравудамі. Калі ня бачыш нават маляўкі ў чысьцюткай, салодкай вадзе, думкі нядобрыя крозяць усялякімі карамі на тых, хто гэтак па-барбарску зьнішчае найлепшае, што ў нас пазаставалася. Між іншым, яшчэ гадоў пятнаццаць таму ў Котры вадзіліся й чырванакніжныя харыюсы са стронгаю.

Таму давялося есьці багата мяса. На вячэру быў шашлык. На раніцу — гусьценны ўсходні плоў. На думку Ігара Бабкова, кіраўніка ўсяе выправы, гэта было для яго найцяжэйшым выпрабаваньнем.

Дазволю тут сабе яшчэ адну цытату з таго ж Токця. «Паводле веравызнаньня насельніцтва падзялялася на 1714 каталікоў і 1106 праваслаўных. Праўда, на абшарах Берштаўскай грамады не было ніводнага парафіяльнага храму, а толькі праваслаўная каплічка ў Берштах (пабудаваная ў 1816 г.) і каталіцкая ў Новай Рудзе. Большасьць жыхароў вёскі Бершты зьяўляліся прыхаджанамі Глыбоцкай царквы, якая знаходзілася на тэрыторыі Лідзкага павету Віленскай губэрні. На жаль, пра рэлігійнае жыцьцё берштаўцаў у гэты пэрыяд нам амаль нічога невядома. Не захавалася зьвестак і пра тое, як яны былі пераведзены ў 1839 г. з уніяцтва ў праваслаўе».

Пушча «Мужыцкай праўды»

Дрымучая пушча. Па берагох колькі вёсачак. Аднаго разу «НН» ужо рабіла сюды адмысловую экспэдыцыю. Што інтрыгавала: недзе тут, у Катранскай пушчы, на загад Каліноўскага Валер Урублеўскі ціснуў «Мужыцкую праўду». Ня ведаю, як было за часамі паўстаньня 1863 г., але й сёньня даеш веры, што апроч турыстаў і паўстанцаў тут ніхто ня пройдзе.

Няясны пошчак птушак, галасоў якіх у гэтую пару ўжо і не распазнаць. Гіганцкія дрэвы, якіх у нашыя часы невераемна й сустрэць. На хвіліну ўявіце сабе ясень, якому за трыста гадоў… Грабы, вязы, яліны. А дубоў там не зьлічыць. Першае ўражаньне, якое не стасуецца з папярэднім, — падпаленыя па краях пракаветныя дубы. Натуральна, гэта рабілі не прыбышы. Мясцовыя мэханізатары, спрабуючы знайсьці сваю нішчымную калгасную капейку, замест таго каб пілаваць дрэва цалкам, падпальваюць пушчанскіх волатаў, каб тыя хутчэй зваліліся.

Самапальныя бровары

На кожным ці, прынамсі, праз адзін, павароце, у тых самых інсургенцкіх пушчах нас сустракаў новы сюрпрыз — сур’ёзна, прамыслова наладжаны самапальны бровар. І зьменлівая псыхалёгія тубыльцаў. Першая вёсачка, што трапляецца пасьля Берштаў, Сухары, знаходзіцца ад іх за 18 км з гакам.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Харэўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0