Сустрэць на менскіх вуліцах літаратара нападпітку — звычайная справа.

На Вішнёва я натрапіў выпадкова. Пазнаёміўся зь ім тыдзень таму, павітаўся зь ім пазаўчора, а ўчора — не павітаўся, хаця й бачыў. Ён учора таксама бачыў мяне, але таксама не павітаўся. Цікавая адбылася несустрэча. А ў гэты вечар — вечар паляваньня — Зьміцер Вішнёў выходзіў з мэтро, размаўляючы зь нейкім хлопцам у джынсе.

Я заўважыў Вішнёва толькі тады, калі натоўп кінуў мяне да яго — ці то пад ногі, ці то ў твар. Але ён не зьвярнуў на мяне ўвагі, павярнуўся да свайго суразмоўцы; я пакрочыў за імі. Нам было па дарозе; можна было б напісаць, што я перамог сваю цікаўнасьць і пакрочыў проста дадому, але… я крочыў менавіта за імі.

З хлопцам у джынсе Зьміцер разьвітаўся на прыпынку. Потым мы «ўбачылі» адзін аднаго, пачалі размову пра конкурс імя Пэтраркі, які скончыўся днямі. «Якія вы ўсе маладыя й таленавітыя», — сказаў Вішнёў, хаваючы іронію. Ён хутка прапанаваў выпіць па бутэльцы піва (надвор’е спрыяла), але… «Пачакай, я толькі пазнаёмлюся вунь з той дзяўчынай». Добра, Зьміцер, я пачакаю.

— Прабачце, калі ласка. Вы такая прыгожая, вы мне так падабаецеся, можна з вамі пазнаёміцца?

— Не.

— Я — Зьміцер. А як вас завуць?

— Навошта вам гэта ведаць?

— Як жа мы будзем размаўляць, калі я ня ведаю, як вас завуць?

— А мы ня будзем.

— Я так не магу. Дзе вы вучыцеся?..

Дзяўчына вучылася ў пэдагагічным унівэрсытэце. Мы ўтраіх пагрузіліся ў тралейбус, і нейкі час мне не было чуваць, што ён казаў ёй. Але размова працягвалася, і за гэта я паважаў Вішнёва ўсё болей. Пасьля захаду сонца і ў знаёмай дзяўчыны нялёгка выклікаць давер. Зьміцер ствараў цуд.

Праз два прыпынкі мы выйшлі з тралейбуса, і я зноў далучыўся да размовы. Уявіце маё расчараваньне, калі я высьветліў, што яна ня зрушылася ні на крок! Эх, Вішнёў, мы дарма марнуем час…

Мы ішлі вельмі цёмнай вуліцай, да інтэрнату заставаліся лічаныя крокі. Нарэшце дзяўчына пачула тое пытаньне, якое не магло не прагучаць. Бо яна ж ішла побач са Зьміцерам Вішнёвым, слынным бум-бам-літаўцам, піянерам «Першацвету», паэтам, які вырас — і застаўся паэтам. Толькі стаў прыкладам для перайманьняў з боку наступнага пакаленьня.

— Можна прачытаць вам верш? Спыніцеся, калі ласка! Можна я прачытаю вам свой верш?

Яна спынілася. Зьміцер Вішнёў набраў у грудзі паветра, і…

«Зафрахтуй маё цела!

Паркетнае неба будзе над намі!

Мае пальцы…» — і г.д.

— Вы прачыталі? — спыталася дзяўчына.

— Прачытаў, — адказаў Вішнёў.

— Можна ісьці?

Яшчэ некалькі крокаў аддзяляла нас ад ганку інтэрнату. Вішнёў узьляцеў па прыступках і ўвярнуўся ў сьвятло, што выбухнула з адчыненых дзьвярэй, — за ёй! Я застаўся на вуліцы й чакаў Вішнёва — нядоўга. Ён выйшаў сумны (знаёмства скончылася ля інтэрнацкай вахты), але надзея яшчэ жыла ў ім.

Наступная ахвяра Вішнёва проста ішла нам насустрач. Шэраг ужо знаёмых вам пытаньняў прынёс добрыя вынікі: дзяўчыну звалі Ксеня, яна працавала на тэлеканале «Лад». На жаль, яна не згадзілася даць Вішнёву нумар свайго тэлефону, але ён прэзэнтаваў ёй уласную візытоўку. Зьміцер Вішнёў, чалавек зь візытоўкай ад выдавецтва «Логвінаў», дастаў аловачак і дадаў да яе зьместу нумар мабільнага. Вуліца была яго сцэнай, а я — гледачом. Яна ўзяла паперчыну й зьнікла ў ночы, паабяцаўшы патэлефанаваць раніцай. Але раніца мудрэйшая за ноч.

Паўза, якую мы правялі ў пошуках, не прынесла мне разуменьня таго, што адбывалася. Была амаль адзінаццатая. Мы спыніліся ля дзьвюх дзяўчын, што палілі ля ўваходу ў інтэрнат. Гэта быў спрынт: Зьміцер добра разумеў, што часу няма, што цыгарэты згараюць вельмі хутка…

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Павал Сьвярдлоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0