Станіслаў Шушкевіч: «Калі ў Менск прыехаў амэрыканскі карэспандэнт, зь ім ніхто не хацеў сустракацца. Усе на падазрэньні!»

Больш за 30 гадоў я шчыраваў тэлевізійнай Музе. Шчыраваньне гэтае не адзін раз зводзіла мяне зь людзьмі найцікавейшага лёсу. Адным зь іх быў Станіслаў Шушкевіч-старэйшы. Завітаў я да яго з тэлевізійнай камандай. Меліся мы запісаць пра ягоныя сустрэчы з Калініным. Але нечакана сапсаваўся магнітафон. Экіпа кінулася рамантаваць тэхніку, а мы тым часам разгаварыліся з Станіславам пра ягонае жыцьцё.

— …Да арышту я працаваў, — згадваў патрыярх беларускага пісьменьніцкага корпусу, — у сакрэтным аддзеле Ленінскай бібліятэкі. Езьдзіў па розных раёнах, камплектаваў бібліятэку за кошт панскіх бібліятэк. Аднаго разу паехаў у Воршу. Туды зьвезьлі з навакольных маёнткаў кнігі на макулятуру. Гэта была пераважна рэлігійная літаратура. Але сярод яе я знайшоў цэлы камплект «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага. Камплект гэты я, вядома, забраў у бібліятэку. Дырэктар бібліятэкі Сіманоўскі быў усьцешаны такой знаходкай. Ён быў чалавек адукаваны, ведаў шмат моваў. Сказаў, каб я ніякіх кніг не пакідаў на макулятуру. Да гэтых кніг маюць цікавасьць за мяжой. За іх мы будзем мець ці валюту, ці на абмен прыдадуцца. Абмен з Англіяй, Францыяй. Сіманоўскі гэта добра наладзіў.

Станіслаў Шушкевіч пачаў працаваць у бібліятэцы імя У.Леніна з 1928 году. «Гэта была пара недаверу, агульнага страху, — згадваў пісьменьнік. — Памятаю, прыехаў у Менск амэрыканскі карэспандэнт. Ён цікавіўся працай бібліятэк. Але зь ім ніхто не хацеў сустракацца. Усе ўхіляліся. Сіманоўскі таксама: сустрэнься зь ім, дык тады не адчэпішся. Усе на падазрэньні! Тады я званю ў ЦК: так і так, кажу. Мне сказалі: «Сам сустракай!» Сам дык сам. Я ж быў тады зусім яшчэ малады. Мне ўсяго якіх дваццаць! Дык што? Я бяру Бібілу, каб хоць якая сьведка была. Мала чаго пасьля могуць прыдумаць! Гаварылі мы пра Нью-Ёрскую і нашу бібліятэку. Я казаў: «У вашай бібліятэцы васямнаццаць мільёнаў. У нас — тры мільёны. Але ж наша бібліятэка маладая. Калі мы будзем так расьці, то перагонім Нью-Ёрскую!»

— Ну і чым скончылася для Вас тая сустрэча з амэрыканскім карэспандэнтам? — цікаўлюся я.

— Тады нічым. Але пасьля ўсё прыпомнілі. Арыштавалі мяне ў лістападзе 1936 г.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Уладзімер Содаль

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0