У савецкім мастацтвазнаўстве творчасьць нарвэскага мастака Мунка разглядалася выключна з эпітэтамі «хворы» й «паталягічны».

Хоць, што цікава, пра яго пісалі заўсёды. Рэпрадукцыі ягоных твораў зьмяшчаліся ў падручніках. У адрозьненьне ад сотняў іншых творцаў, на чый даробак накладалася «табу». Таму мастацтва Мунка добра вядомае і ў Беларусі.

У творах Мунка зьвяртаюць на сябе ўвагу найперш дысанантныя спалучэньні колераў і адмысловы вірападобны малюнак. Да таго ж яго лёгка можна пазнаць па змрочных сюжэтах: «Хворае дзіця», «Вампір», «Пакой чалавека пры сьмерці».

Яшчэ як Мунк быў зусім дзіцём, ад сухотаў памерла ягоная маці, затым сястра. Сам ён пакутаваў ад алькагалізму, а ў выніку — і ад цяжкай дэпрэсіі. Баяўся кантактаў з жанчынамі, што, дарэчы, яскрава відаць зь ягоных твораў. Але, незважаючы на ўсё гэта, а таксама на ягоную мізантропію й пасьлядоўнае ніцшэанства, Мунк дажыў да глыбокае старасьці й памёр выпадкова, ад запаленьня лёгкіх, калі яму было ўжо за 80. Пры тым не бракавала яму й вялікай прыжыцьцёвай славы. Яго называлі ня йнакш як піянерам экспрэсіянізму. Любы адукаваны скандынаў альбо немец ведалі яго як геніяльнага сучасьніка.

У1893 г. Мунк напісаў свой самы славуты шэдэўр «Крык». На гэтае палатно спасылаліся, пра яго пісалі, кралі й вярталі. «Крык» натхніў стваральнікаў аднайменнага трылеру, у якім дзейнічае маньяк-забойца ў масцы. Пазьней мастак яшчэ тройчы вяртаўся да гэтага сюжэту. Такім чынам, маем чатыры вэрсіі «Крыку», адна зь якіх, разам з карцінаю «Мадонна», і была скрадзеная сёлета 22 жніўня з музэю мастака («Munch-Museum»), што ў Осла. У 1994 г. была выкрадзена першая вэрсія твору, што зьберагаецца ў Нацыянальнай галерэі Нарвэгіі.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Харэўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0