У Мастацкім музэі — выстава да 150-годзьдзя Юдаля Пэна

Прэзэнтацыю твораў Пэна, што заняла невялікі куток у адной з заляў галоўнага мастацкага музэю краіны, цяжка назваць выставаю. Апроч трох твораў мастака, што экспануюцца тут стацыянарна, вывешаны яшчэ дзясятак ягоных рэчаў. Але насамрэч мастакоўская спадчына Пэна захавалася фрагмэнтарна — усяго 200 работ, расьцярушаных па розных зборах, пераважна ў Віцебску й Менску. Бальшыня ж ягонага даробку загінула незваротна. Таму азнаямленьне з калекцыяй Мастацкага музэю Беларусі можна лічыць унікальнай магчымасьцю. Гэта памысны першы крок.

Апроч партрэтаў і краявідаў тут выстаўлена й колькі эцюдаў і шкіцаў. Яны даюць больш грунтоўнае ўяўленьне пра творчую эвалюцыю мастакоўскіх прыёмаў Пэна — ад рэалістычнага анэмічнага акадэмізму да ўласнай імпэтнай манеры. Некаторыя з твораў, напрыклад «Дом з козачкай» ці «Купаньне каня», змушаюць прыгадаць стыль Шагала. Дарэчы, творы апошняга экспануюцца гэтымі днямі тамсама.

Супрацьпастаўленьне Пэна Шагалу відавочна штучнае. Гэтая традыцыя цягнецца ад савецкіх часоў, калі творчасьць Шагала падлягала астракізму, а Пэна — паблажліваму ўхваленьню. Але насуперак усяму сёньня мы ведаем Пэна найперш як любімага настаўніка Шагала, якога той ледзьве не абагаўляў.

Нарадзіўшыся на сумежжы Літвы, Латвіі й Беларусі ў шматдзетнай жыдоўскай сям’і, Пэн стаў ня толькі выказьнікам ідэяў і ідэалаў свайго роднага асяродзьдзя, але найперш настаўнікам вялізарнае гэнерацыі беларускіх творцаў.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Харэўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0