Толькі адна заява на беларускамоўнае навучаньне ў 1-й клясе пададзена сёлета ў Магілёве.
Яніне Асіпцовай не давядзецца вучыцца па-беларуску, як гэтага хацелі яе бацькі. Аддзел адукацыі Ленінскага раёну Магілёву ня можа арганізаваць беларускамоўную клясу для аднае вучаніцы. З гэтай нагоды адміністрацыя школы патрабавала ад Янініных бацькоў забраць заяву на беларускамоўнае навучаньне й перапісаць на расейскамоўнае. «Нам сказалі: іначай будзе выглядаць так, нібы мы ня можам забясьпечыць выкананьне вашых пажаданьняў», — кажа Алесь Асіпцоў, бацька першаклясьніцы.
Бацькі перапісваць заяву адмовіліся. Праўда, Яніна ўсё адно будзе навучацца па-расейску. А.Асіпцоў спадзяецца, што бліжэйшым часам усё ж удасца знайсьці варыянт беларускамоўнага навучаньня — праз газэтныя публікацыі. На думку Алеся, віны аддзелу адукацыі ці грамадзтва няма. Гэта не віна, а бяда, і сям’я Асіпцовых імкнецца «вырашыць праблему ў духу дыялёгу, а не канфрантацыі».
Каб Таварыства беларускай мовы магло нагадваць кожнай сям’і шасьцілетак пра магчымасьць вучыцца па-беларуску, беларускія групы набіраліся б. Пакуль жа мала хто ведае, што такое ўвогуле мажліва.
АШ