Офіс ліквідаванага ГА «Грамадзянскія ініцыятывы» (Гомель) 24 жніўня агледзелі супрацоўнікі абласной падатковай службы й Управы фінансавых расьсьледаваньняў КДК, каб даведацца, што знаходзіцца ў будынку. 25 жніўня Вярхоўны суд пацьвердзіў рашэньні ніжэйшых судоў пра нерэгістрацыю ГА «Грамадзянская альтэрнатыва» (Гомель): маўляў, статут арганізацыі ў сямі пунктах «не адпавядае заканадаўству», хоць статут той перапісаны слова ў слова з зарэгістраванага статуту БРСМ. Не зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы Валер’я Шчукіна, Уладзімера Вярэніча, Уладзімера Лапцэвіча. 25 жніўня камісія ў справах непаўналетніх вынесла папярэджаньні й паставіла на ўлік Аляксандра Малчанава й Івана Шутко, затрыманых і зьбітых АМАПам на акцыі 21 ліпеня. Працоўнай групе па адвольных затрыманьнях Камісіі ААН па правах чалавека 25 жніўня адмовілі ў наведаньні зьняволенага Міхаіла Марыніча. 26 жніўня ўтрыманьне Марыніча пад вартай падоўжылі яшчэ на месяц і вылучылі новае абвінавачаньне — нібыта крадзеж маёмасьці ГА «Дзелавая ініцыятыва», якое ён і ўзначальваў. Аляксандру Папкову і Аляксандру Будагоўскаму, сябрам ініцыятыўнай групы Сяргея Салаша (ПБНФ, Барысаў), 26 жніўня тэлефанавалі невядомыя й патрабавалі выйсьці з групы. Валер Леванеўскі 25 жніўня спыніў галадоўку, а 26-га пачаўся судовы працэс над ім і Аляксандрам Васільевым за абразу прэзыдэнта. Вярхоўны суд 26 жніўня не адмяніў папярэджаньня АГП за ўдзел у кааліцыі «5+» і акцыі «Ланцуг неабыякавых чытачоў», а 27 жніўня — БСДГ. На бацьку і сына Марозавых, сяброў ініцыятыўнай групы чальца АГП Анатоля Рубанава (Бабруйск), 26 жніўня напалі два хуліганы ў масках; адзін з нападнікаў быў затрыманы і, са словаў Марозавых, прызнаўся, што яго наняў дэпутат ППНС па гэтай акрузе Глухоўскі. У Рэчыцы 26 жніўня ўзброеныя супрацоўнікі міліцыі абшукалі сяброў ініцыятыўнай групы Леаніда Невара, старшыню РГА «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанку і намесьніка старшыні РГА «Беларускі Хельсынскі камітэт» Гары Паганяйлу, а таксама правялі ператрус Неваравай хаты. Канцэрт «Рок пасьля вакацыяў» у клюбе «Бліндаж» 27 жніўня быў забаронены ўладамі. 27 жніўня прэтэндэнту ў кандыдаты ў дэпутаты Зьмітру Бародку (Барысаў) у пашпартным стале заявілі, што атрымалі ад КДБ інструкцыю «пакуль прытрымаць» станоўчае рашэньне пра пячатку з дазволам на выезд у іншыя краіны. Міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч 27 жніўня прыпыніў на тры месяцы выхад газэты «Навінкі»: выданьню закідаюць позьняе паведамленьне пра зьмену юрыдычнага адрасу, няпоўныя выходныя зьвесткі, недасылку «кантрольных» нумароў газэты ў дзяржорганы. 27 жніўня Вушацкі райсуд не задаволіў скаргі актывіста ПБНФ Зьмітра Салаўёва на адмову райвыканкаму даць дазвол на перадвыбарны мітынг. 28 жніўня ў Шаркаўшчыне быў затрыманы актывіст АГП Валер Каралёў, які распаўсюджваў улёткі «Пяцёркі-плюс» і незалежную прэсу. Старшыню віцебскай абласной арганізацыі АГП Генадзя Ананьева затрымалі 29 жніўня на кірмашы ў Воршы, дзе ён бясплатна раздаваў газэту «Время». 30 жніўня прэтэндэнт у кандыдаты Яраслаў Берніковіч (ПБНФ, Глыбокае) атрымаў папярэджаньне ад выбарчай камісіі за выкарыстаньне асабістых сродкаў для агітацыі за кандыдата. 30 жніўня ў Жлобінскім райсудзе пачаўся працэс над актывістам АГП Уладзімерам Кацорам, якога вінавацяць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0