Штогадовыя афіцыёзныя сьвяточныя iмпрэзы на пачатку верасьня робяцца традыцыяй i дазваляюць выказаць фрайдысцкую думку, што гэта цi сублiмацыя Аршанскага сьвята, цi яго ж лятэнтная форма.
Ідэя нацыі была агучана, а самi нацыi пачалi фармавацца пад уплывам Ангельскай рэвалюцыі, амэрыканскай вайны за незалежнасьць і Францускай рэвалюцыi.
Аднак нацыі напэўна дзесяцігодзьдзямі, а то і стагодзьдзямі існавалi i да сваёй «агучкi». Бо любому складанаму арганізму папярэднічае пэрыяд стоенага жыцьця — зародкавы ці каранёвы. Таму і ангельская, і француская нацыі ўжо iснавалi як арганiзмы да сваіх рэвалюцый.
Калі ж і як адбылося «зачацьце» беларусаў?
Паводле сьцьверджаньня гісторыка Генадзя Сагановіча, на пачатку XVI ст. палоненыя і адпраўленыя ў Масковію праваслаўныя жыхары ВКЛ называлі сябе ня толькі ліцьвінамі, але і беларусцамі.
Тады ж, на пачатку XVI ст., далёка ня самы заможны сваяк Радзівілаў баярын Ільлініч распачаў пабудову Мірскага замку, які праславіўся надалей сувязьзю сваiх рамонтаў ды перабудоў з нацыянальнымi катаклiзмамi.
1517 г. адзначыўся пачаткам лютэраўскай Рэфармацыi ў Германii — утварэньнем пратэстантызму, якi хутка выліўся за нямецкiя межы i неўзабаве атрымаў пашырэньне ў сярэдзiнных землях будучай Беларусi. Менавiта пратэстант, фiлёзаф i паэт Салямон Рысiнскi празь некалькi дзесяцiгодзьдзяў першым са шляхты наўмысна назаве сябе беларусам — адрозьніваючы сваю шматканфэсійную нацыю ад чыста каталіцкае Польшчы й праваслаўнае Расеі.
1517 г. адзначыўся таксама першай беларускай друкаванай кнiгай Скарыны.
Прыкладна ў тыя ж гады былі створаны «Пруская вайна» Яна Вісьліцкага і «Песьня пра зубра» Міколы Гусоўскага.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"
Андрэй Мельнікаў
Гомель