4—5 верасьня на Крапівенскім полі традыцыйна адзначаюць гадавіну Аршанскай бітвы.
Сёлета ў праграме фэсту, які пачнецца а 18-й, багаслужба каля памятнага крыжа, рыцарскі турнір і футбольны матч. Усю ноч — песьні ля вогнішча. Ахвотных прыняць удзел у спартовай частцы запрашаюць прыехаць раней. Ад Воршы можна даехаць на аўтобусе ці маршрутцы ў Дуброўну з аўтавакзалу. Ад прыпынку «Гацькаўшчына» яшчэ з кілямэтар пехатою.
Непасрэднае дачыненьне да Аршанскай бітвы мае знойдзены сёлета краязнаўцам Аляксандрам Шынкевічам наплечнік ад дасьпехаў. Адшуканы ён у пяску, здабытым з русла Дняпра насупраць вёскі Гацькаўшчына (яна месьціцца ў паўкілямэтры ад вусьця Крапівенкі).
Наплечнік выраблены зь ліставой медзі таўшчынёю больш за 1 мм. З краёў маюцца 7 адтулін, у трох зь іх захаваліся груба вырабленыя заклёпкі. На вонкавай паверхні наплечніка шмат драпін, увагнутасьцяў. Найбольшая, са скразной уздоўжнай насечкай, магчыма, нанесеная вастрыём мяча або цяжкай шаблі.
Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"