У 70-х мінулага стагодзьдзя, пасьля заканчэньня ВНУ, я быў разьмеркаваны ў сталіцу расейскага Паволжа — Валгаград.

У першы ж вечар, пры наведваньні кафэ «Тэатральнае» на цэнтральным праспэкце, быў шакаваны тым, што аркестар на ўсю моц «наяривал» польскі жаўнерскі марш, пад які мясцовы сьцёб апантана танчыў. Да гэтага я і не здагадваўся, што пад яго можна яшчэ і «отплясывать». Мэлёдыя была мне вельмі знаёмая, бо ёй на Варшаўскім радыё апоўдні суправаджалася перадача для вайскоўцаў.

У тым узросьце, у якім я быў тады, для мяне гэта быў «капец» — куды я папаў?! Цяпер я ведаю — нашы браты вельмі любяць музыку, пад якую можна «ать-два». Але я зьдзіўляюся з таго, што наша сучасная моладзь цяпер «низкопоклонничает» у гэтым перад Усходам.

Потым у рэстаране мне быў «преподан» урок этыкету, які я памятаю ў падрабязнасьцях да сёньня.

Абедаў я за столікам адзін, а побач, за суседнім, — жаночая кампанія. На другое ў мяне была курыца, і я па звычцы пачаў яе есьці з дапамогай нажа і відэльца. І тут я інстынктыўна адчуў узьніклую ўвагу да сябе сваіх суседак, якія таксама елі курыцу, але трымалі яе абедзьвюма рукамі без усялякіх прыбораў. Пачаліся перашэптваньні і азіраньні на мяне. Я не падаваў выгляду, што заўважаю гэта. Раптам адна зь іх ня вытрымала, рашуча падышла да мяне і прамовіла: «Курицу, молодой человек, едят только руками!» Я адказаў, што ў нас гэта робяць з нажом і відэльцам, і прадоўжыў есьці па-свойму. Але адчуў адкрытую варожасьць да сябе і есьці расхацелася. Таму хутка разьлічыўся і сышоў з рэстарану.

Пасьля гэтага выпадку, калі пачынаю есьці птушку, інстынктыўна азіраюся — ці няма паблізу «преподавателей». Гэтую шчырасьць, жаданьне дапамагчы небаракам «приобщиться» да вяршынь сваёй культуры я прыгадваю ў выпадках, калі пры звароце па-беларуску ў адказ чую: «Говорите на нормальном языке!»

Хведар Ч-н, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0