Нядаўна давялося мне паўдзельнічаць у конкурсе, прысьвечаным 50-годзьдзю Беларускай службы радыё «Свабода».

Трэба было напісаць эсэ на тэму «Мая Свабода». Пісаць было прыемна — і я стаў адным зь пяці (самым, дарэчы, маладым) пераможцаў конкурсу.

А вось гэтыя радкі я пішу з кардынальна супрацьлеглым пачуцьцём — прыкра й непрыемна… Зайшоў у бібліятэку побач з домам пачытаць у «Народнай волі» інтэрвію Піта Паўлава, а мяне як абухом па галаве: «Гэтай газэты вы больш ня знойдзеце ні ў адной бібліятэцы, — кажа сярэдніх гадоў жанчына і дадае: — На жаль…» Калі яна вымавіла гэтае «на жаль», я зірнуў ёй у вочы — і зразумеў яе…

Увечары таго ж дня глядзеў, выгодна ўладкаваўшыся на канапе, клясыку францускага кіно — фільм «Напалеон». Адзін з эпізодаў: малады дыктатар, які толькі што пры дапамозе зброі прысвоіў сабе тытул Першага Консула, на Каляды ў бліскучай карэце едзе са сваёй жонкай у Опэру. Прыгажуня кажа да свайго сужэнца: «Які ты ў мяне малайчына, і газэты пра цябе так добра пішуць!» — «Для гэтага мне давялося закрыць 60 зь іх…» Мяне трэці раз за дзень перасмыкнула. Вядома, параўноўваць Напалеона й першы твар чынавенскай Беларусі не выпадае, але сама сутнасьць дыктатуры ў гэтай цытаце навідавоку.

А ўвогуле я мог бы і не глядзець францускае стужкі, калі б, прыйшоўшы ў азначаны час зь сябрамі й сяброўкамі да клюбу «Бліндаж» на ліцэйскі канцэрт, не пачуў: «Канцэрт забаранілі». Проста патэлефанавалі за тры гадзіны й сказалі: не праводзіць. І зноў не спатрэбілася аніякіх тлумачэньняў.

Некалі, у вельмі далёкія часы, яшчэ Гельвэцый сказаў: «Згрызоты сумленьня пачынаюцца там, дзе канчаецца беспакаранасьць». Мне цікава, ці ёсьць яны, тыя згрызоты сумленьня, у людзей, якія з такой лёгкасьцю забараняюць ды адмяняюць тое, на што было пакладзена шмат працы!

У любым выпадку перажыты дзень я для сябе ахрысьціў «Днём пазбаўленьня волі». Паслужлівым жа чыноўнікам зь Міністэрства культуры й тым, перад кім яны выслужваюцца, хочацца адно нагадаць: пякучая крыўда проста так не даруецца!

Алесь Квіткевіч, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0